Беларуская Служба

Польскія экспарцёры шукаюць новыя рынкі: стаўка на Бразілію, Індыю і Мексіку

01.06.2026 14:11
Паводле дадзеных лагістычнай кампаніі DSV, польскі бізнес актыўна шукае магчымасці ў Бразіліі, Калумбіі, Аргенціне, Мексіцы і Індыі.
ЭкспартPhoto: echosystem/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польскія кампаніі ўсё часцей пераарыентуюць экспарт на новыя рынкі ў Лацінскай Амерыцы і Азіі. Прычынай стаў рост нявызначанасці ў сусветным гандлі, новыя амерыканскія мыты, уведзеныя адміністрацыяй амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа, а таксама праблемы ў міжнародных лагістычных ланцужках. Пра гэта паведамляе партал biznesalert.pl.

Паводле дадзеных лагістычнай кампаніі DSV, польскі бізнес актыўна шукае магчымасці ў Бразіліі, Калумбіі, Аргенціне, Мексіцы і Індыі. Хоць ЗША застаюцца галоўным пазаяўрапейскім рынкам для польскіх тавараў, экспарт туды становіцца ўсё больш складаным і дарагім. У выніку многія кампаніі выкарыстоўваюць Мексіку і Канаду як рэгіянальныя лагістычныя цэнтры для паставак у Паўночную Амерыку.

Дадатковым ударам для польскіх экспарцёраў стаў канфлікт на Блізкім Усходзе. Рэгіён быў важным пакупніком польскай харчовай прадукцыі, але нестабільнасць прымусіла бізнес шукаць новыя напрамкі збыту.

Эксперты адзначаюць, што развіццю новых рынкаў спрыяюць і гандлёвыя пагадненні ЕС з Індыяй і блокам MERCOSUR, які аб’ядноўвае краіны Паўднёвай Амерыкі. Гэта адкрывае польскім вытворцам доступ да амаль 1,8 млрд патэнцыйных спажыўцоў.

Змяняецца і сама мадэль экспарту. Замежныя партнёры ўсё часцей заказваюць меншыя, але больш рэгулярныя партыі тавараў, каб скараціць выдаткі на складскія запасы і паменшыць рызыкі, звязаныя з мытамі.

На гэтым фоне значна ўзрастае роля мытных агенцтваў. Спецыялісты падкрэсліваюць, што ў сучасных умовах хуткія змены мытных нормаў могуць непасрэдна ўплываць на стабільнасць міжнароднага бізнесу і канкурэнтаздольнасць экспарцёраў.

эж