Ці стане цяперашняе дзесяцігоддзе часам няздзейсненых магчымасцяў? У Сусветным банку лічаць, што такі прагноз цалкам рэальны. Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе Global Economic Prospects, на які звярнула ўвагу выданне XYZ.
Галоўны эканаміст Сусветнага банка Індэрміт Гіл папярэджвае:
— Без цуду 2020-я гады могуць увайсці ў гісторыю як перыяд змарнаванага патэнцыялу. Прычына — не толькі запаволенне эканамічнага росту, але і паглыбленне глабальнай няроўнасці.
Пандэмія COVID-19, вайна Расіі супраць Украіны, інфляцыя і самыя высокія за апошнія дзесяцігоддзі працэнтныя стаўкі прывялі да таго, што многія краіны так і не здолелі аднавіцца пасля крызісаў. Паводле ацэнак Сусветнага банка, траціна найбяднейшых дзяржаў у 2026 годзе будзе бяднейшай, чым да пандэміі.
У той жа час свет перажывае імклівы ўздым штучнага інтэлекту. Аднак карысць ад тэхналагічнай рэвалюцыі атрымліваюць далёка не ўсе. Менш за чвэрць інфраструктуры цэнтраў апрацоўкі даных знаходзіцца ў краінах, што развіваюцца, а найбяднейшыя дзяржавы валодаюць толькі яе нязначнай часткай. Акрамя таго, каля паловы чалавецтва карыстаецца мовамі, слаба прадстаўленымі ў мадэлях штучнага інтэлекту.
У выніку AI рызыкуе не скараціць, а яшчэ больш павялічыць разрыў паміж багатымі і беднымі. У Сусветным банку адзначаюць, што выратаваць сітуацыю могуць інвестыцыі ў штучны інтэлект, «зялёную» энергетыку і міжнародны гандаль. Але дзейнічаць трэба ўжо цяпер.
Інакш галоўнае пытанне будзе не ў тым, ці стане гэтае дзесяцігоддзе страчаным, а ў тым, для каго менавіта.
эж