Беларуская Служба

Польшча плануе ўвесці «лічбавы фільтр» для буйных тэхналагічных кампаній

26.06.2026 17:00
У Польшчы ёсць план абмежаваць небяспечную залежнасць ад тэхналагічных гігантаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Pexels/pixabay.com/CC0 Public Domain

Урад працуе над механізмам кантролю тэхналогій, якія закупляюцца дзяржавай, каб знізіць рызыку залежнасці ад тэхналагічных гігантаў. Айчынныя кампаніі падтрымліваюць гэтую ідэю. Эксперты маюць пэўныя засцярогі, чытаем у выданні «Rzeczpospolita».

Перадавыя чыпы, хмарныя вылічэнні, мадэлі штучнага інтэлекту, камп'ютарнае праграмнае забеспячэнне і сістэмы кібербяспекі — доступ да іх можа быць заблакаваны адным рашэннем невялікай групы краін і кампаній, якія базуюцца на другім канцы свету. Інакш кажучы, буйныя тэхналагічныя дзяржавы, такія як Кітай і ЗША, атрымліваюць велізарны лічбавы ўплыў.

У Польшчы ёсць план абмежаваць гэтую залежнасць. Гаворка ідзе пра «тэст на тэхналагічны суверэнітэт», які абвясціў прэмʼер Дональд Туск. Гэта задумана як сістэмны падыход да тэхналагічных праектаў, якія набываюцца або суфінансуюцца дзяржавай, з улікам рызыкі лічбавай залежнасці ад глабальных пастаўшчыкоў і захавання кантролю над уласнымі дадзенымі.

Тэст будзе абавязковым і будзе ахопліваць усе закупкі тэхналогій для дзяржаўнай адміністрацыі (рэестры, паслугі, сістэмы) коштам больш за 5 мільёнаў злотых (больш за мільён еўра). Гэтае патрабаванне таксама будзе распаўсюджвацца на інфраструктурныя праекты, кошт якіх перавышае 15 мільёнаў злотых (больш за 3,5 мільёна еўра).

Тэст таксама прадухіліць манапалізацыю паставак і абараніць нацыянальную бяспеку. Бартломей Дзмітрук з кампаніі «Striga», якая працуе ў галіне штучнага інтэлекту, лічыць, што аўдыт і забеспячэнне бяспекі стратэгічных сістэм не могуць залежаць ад інтарэсаў замежных тэхналагічных гігантаў.

— Прапаноўваючы закрытыя мадэлі штучнага інтэлекту, яны могуць абмежаваць доступ да сваіх паслуг за адну ноч або цалкам іх адключыць, — падкрэсліў Дзмітрук.

На думку экспертаў, ключавым будзе абʼём тэсту. Яраслаў Сакальніцкі з «exeAI» — кампаніі, якая ўкараняе сістэмы штучнага інтэлекту, лічыць, што для гэтых сістэм, напрыклад, тэст павінен адказаць на пытанне, ці належаць вагі мадэлі кліенту, ці можна перанесці сістэму без згоды пастаўшчыка і ці маем мы кантроль над яго архітэктурай.

аз