Паводле справаздачы аб заробках, падрыхтаванай кампаніяй «Sedlak & Sedlak», зарплата эксперта, павышанага на пасаду «старэйшага эксперта», павялічваецца на цэлых 86 працэнтаў. Найлепш сваім супрацоўнікам плацяць кампаніі індустрыі новых тэхналогій, але вельмі добрыя заробкі можна атрымаць і ў ІТ-галіне, паведамляе «Puls Biznesu».
Даследаванне, на якое спасылаецца выданне, заснаванае на дадзеных больш чым 1 300 кампаній і ўключае заробкі больш чым 408 тысяч супрацоўнікаў, працаўладкаваных на 1 264 пасадах.
Галоўная выснова аўтараў справаздачы заключаецца ў тым, што рынак моцна ўзнагароджвае ўнікальныя кампетэнцыі і стратэгічную адказнасць, што прыводзіць да хуткага павышэння заробкаў разам з ростам вопыту.
Медыяна агульнага заробку малодшага спецыяліста складае 7 180 злотых (амаль 1 674 еўра), а старэйшага — 25 700 злотых (амаль 5 991 еўра).
Для кантрактаў «бізнес бізнесу»(анг. business to business, B2B) гэтыя стаўкі вышэйшыя і вагаюцца ад 9 437 да 29 139 злотых(ад амаль 2 200 да да больш за 6 792 еўра).
Для параўнання, заробак фізічнага рабочага з улікам падаткаў і збораў, складае 5 800 злотых (амаль 1 352 еўра), тэхнічнага работніка — 6 927 злотых (амаль 1 615 еўра), а вопытнага спецыяліста — 7 927 злотых амаль 1 848 еўра).
Самыя высокааплатныя спецыялісты, паводле звестак газеты, працуюць у сферы ІТ і сучасных тэхналогій. Найвышэйшы базавы заробак атрымлівае старэйшы сістэмны архітэктар — 29 000 злотых (6 760 еўра), старэйшы спецыяліст па ІТ-бяспецы — 28 069 злотых (амаль 6 543еўра) і старэйшы кансультант па ІТ і бізнесе — 28 000 злотых (амаль 6 527 еўра).
Далей ідуць: старэйшы праграміст убудаваных сістэм — 27 500 злотых (больш за 6 410 еўра), старэйшы бэкенд-праграміст — 27 129 злотых (амаль 6 324 еўра), старэйшы воблачны інжынер — 26 500 злотых (больш за 6 177 еўра) і ўладальнік прадукту (product owner) — 25 750 злотых (больш за 6 002 еўра).
Па-за ІТ высокімі заробкамі вылучаюцца таксама юрысты. Напрыклад, старэйшы юрысконсульт зарабляе каля 25 100 злотых (амаль 5 851 еўра).
Аўтары справаздачы адзначаюць, што рынак працы ўсё часцей абапіраецца на рэальны ўплыў на кампанію і бізнес-адказнасць, а не толькі на стаж працы.
аз