Швейцарская Capri Sun Group інвестуе ў будаўніцтва новага завода ў польскім Старгардзе, кошт інвестыцыі — больш за 70 млн еўра. Прадпрыемства стане адным з ключавых вытворчых цэнтраў кампаніі ў рэгіёне і будзе забяспечваць прадукцыяй краіны Цэнтральнай і Усходняй, а таксама Паўночнай Еўропы. Пра гэта паведамляе партал Money.pl.
Новы завод створыць каля 120 працоўных месцаў і будзе спраектаваны так, каб у будучыні яго можна было пашырыць. Размяшчэнне ў Старгардзе — на поўначы Польшчы — павінна скараціць тэрміны паставак і зрабіць лагістыку больш эфектыўнай, што дазволіць кампаніі хутчэй рэагаваць на рост попыту.
Генеральны дырэктар Capri Sun Group Роланд Вінінг адзначыў, што праект з'яўляецца важным этапам рэалізацыі стратэгіі развіцця кампаніі ў Еўропе. Паводле яго слоў, інвестыцыя не толькі ўмацуе вытворчую прысутнасць брэнда ў рэгіёне, але і будзе спрыяць развіццю мясцовай эканомікі дзякуючы стварэнню новых працоўных месцаў, супрацоўніцтву з бізнесам і доўгатэрміновым прамысловым інвестыцыям.
Брэнд Capri Sun, які існуе з 1969 года, прадае больш за 6 млрд упаковак напояў штогод больш чым у 100 краінах свету. Галоўны вытворчы цэнтр кампаніі застанецца ў нямецкім Эпельхайме.
эж