Кіраўнік «Укрпошты» абвінаваціў польскую мытню ў блакаванні грузавікоў кампаніі на мяжы з Украінай. Паводле яго, гэта адбылося пасля таго, як прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пры дапамозе прыватнай кур'ерскай кампаніі адправіў назад у Польшчу Ордэн Белага Арла.
З гэтым не пагаджаецца польскае Міністэрства фінансаў і эканомікі. Паводле чыноўнікаў, да «Укрпошты» не ставяцца інакш, чым да іншых субʼектаў, паведамляе «Rzeczpospolita».
Паводле выдання, калі праводзяцца падрабязныя праверкі, то — як запэўніваюць польскія мытнікі — яны апраўданыя, бо кантрабанда з Украіны запаволілася, але не знікла.
У мінулым годзе службы прадухілілі трансгранічную кантрабанду тавараў на суму 19,3 мільёна злотых. Годам раней гэта было 20,1 мільёна злотых. Гаворка ідзе пра спробы нелегальнага ўвозу цыгарэт, алкаголю, тытуню, аўтамабіляў, а таксама наркотыкаў і зброі.
Аднак пасля нядаўніх выбухаў пасылак у цэнтрах сартавання ў Кіеве польскія службы павялічылі пільнасць. Гаворка ідзе пра пасылкі з выбуховым змесцівам, якія адпраўляюцца па Еўропе па ініцыятыве расійскай разведкі, часта для ажыццяўлення дыверсій.
Партал Frontstory апісаў, як дыверсійныя групы, звязаныя з расійскімі спецслужбамі, адпраўлялі пасылкі з самазапальнымі выбуховымі рэчывамі з краін Балтыі праз Польшчу. Адна з такіх пасылак загарэлася ў лагістычным цэнтры DHL у нямецкім Лейпцыгу ў ліпені 2024 года.
Паводле выдання, небяспечныя пасылкі былі выяўленыя і ў Польшчы. У 2024 годзе адзін з пакетаў загарэўся ў грузавіку ў Мазавецкім ваяводстве. Мяркуецца, што за гэта адказвала міжнародная дыверсійна група. Па справе былі арыштаваныя чатыры чалавекі.
аз