8 ліпеня ў Польшчы пачалі дзейнічаць новыя правілы, якія істотна пашырылі паўнамоцтвы Дзяржаўнай інспекцыі працы. Цяпер інспектары могуць у адміністрацыйным парадку прыняць рашэнне, што чалавек, які працуе паводле грамадзянска-прававога дагавора або як індывідуальны прадпрымальнік, насамрэч выконвае працу па працоўным дагаворы. Раней такое рашэнне мог прыняць толькі суд, а гэта нярэдка займала шмат месяцаў — чытаем у выданні «Forsal».
Урад сцвярджае, што рэформа павінна пакласці канец злоўжыванням з выкарыстаннем грамадзянска-прававых дагавораў і фіктыўнай самазанятасці. Прадпрымальнікі папярэджваюць, што новыя правілы павялічаць рызыкі для бізнесу і могуць прывесці да дадатковых выдаткаў, у тым ліку на выплату страхавых узносаў і іншых гарантый, прадугледжаных працоўным заканадаўствам.
Першым сур'ёзным выпрабаваннем новых правілаў стала сітуацыя вакол кампаніі Pyszne.pl. Кампанія абвясціла, што звольніць каля пяці тысяч кур'ераў і прапануе ім працягваць працу ўжо праз так званых лагістычных партнёраў. Паводле прафсаюзаў, гэта азначае пагаршэнне ўмоў працы: кур'ерам будуць плаціць толькі за фактычныя дастаўкі, без гарантаванай мінімальнай пагадзіннай стаўкі.
Міністр сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі звярнулася да Дзяржаўнай інспекцыі працы з просьбай тэрмінова праверыць, ці не павінны кур'еры быць аформленыя як працаўнікі на працоўных дагаворах. Калі інспектары прызнаюць, што яны фактычна працавалі як штатныя супрацоўнікі, кампанія можа быць абавязаная выконваць правілы масавых звальненняў, у тым ліку выплаціць прадугледжаныя законам кампенсацыі.
У сваю чаргу Pyszne.pl заяўляе, што рашэнне змяніць мадэль супрацоўніцтва было прынята загадзя і не звязана ні з праверкай інспекцыі працы, ні з новымі нормамі. У кампаніі падкрэсліваюць, што выкарыстанне знешніх лагістычных партнёраў ужо даўно з'яўляецца стандартам у сферы дастаўкі.
Рэформа Дзяржаўнай інспекцыі працы таксама супала з падрыхтоўкай да ўкаранення еўрапейскай дырэктывы аб платформеннай занятасці. Да канца 2026 года Польшча павінна адаптаваць сваё заканадаўства, каб лепш абараняць людзей, якія працуюць праз лічбавыя платформы, такія як Pyszne.pl, Glovo або Uber.
Эксперты адзначаюць, што бліжэйшыя месяцы пакажуць, наколькі актыўна Дзяржаўная інспекцыя працы будзе выкарыстоўваць новыя паўнамоцтвы. Справа Pyszne.pl можа стаць першай праверкай таго, ці сапраўды рэформа дапаможа спыніць злоўжыванні на рынку працы, ці пацвердзіць боязі бізнесу наконт умяшання дзяржавы ў прадпрымальніцкую дзейнасць.
нг