На наступным тыдні Прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу Польшчы (Polska Grupa Zbrojeniowa, PGZ) арганізоўваюць сустрэчу кампаніяў абароннай прамысловасці, каб падрыхтаваць прапанову Польшчы аб удзеле ў Еўрапейскай кааліцыі па супрацьракетнай абароне, паведамляе агенцтва PAP.
Паводле віцэ-старшыні польскага ВПК Аркадыюша Бонка, Польшча можа зрабіць значны ўнёсак у міжнароднае супрацоўніцтва.
У ліпені падчас сустрэчы Кааліцыі ахвотных у Парыжы была створаная так званая Еўрапейская кааліцыя па супрацьракетнай абароне, мэтай якой з'яўляецца стварэнне новых магчымасцей для супрацьракетнай абароны Еўропы. У яе склад увайшлі Украіна і дзевяць еўрапейскіх партнёраў — Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Італія, Іспанія, Нідэрланды, Нарвегія, Данія і Швецыя.
На пытанне аб адсутнасці Польшчы ў ініцыятыве, прэмʼер Дональд Туск заявіў, што кааліцыя мае прамысловы характар і цяпер польскія кампаніі аналізуюць свае магчымасці.
— Калі будзе гатовая прамысловая прапанова ад польскіх кампаній, мы далучымся да гэтай кааліцыі, — заявіў Туск у ліпені.
Менавіта сустрэча прадстаўнікоў ваеннага сектара ў Польшчы, у тым ліку прыватных кампаній, а таксама навукова-даследчых інстытутаў і ўніверсітэтаў адбудзецца з мэтай абмеркавання прапаноў і падрыхтоўкі «польскай нацыянальнай каманды» да ўдзелу ў міжнароднай кааліцыі.
— Мы рады, што кампаніі вельмі пазітыўна адгукнуліся на гэтае запрашэнне; у нас ёсць шырокі спектр прыватных і дзяржаўных кампаній, з якімі мы зможам абмеркаваць тэхналагічны і навуковы ўклад у гэты праект, — сказаў Аркадыўш Бонк.
Ён ацаніў, што Польшча, якая гадамі будуе сваю сістэму супрацьпаветранай абароны, за гэты час набыла значныя кампетэнцыі, карысныя для стварэння новай еўрапейскай сістэмы супрацьдзеяння балістычным ракетам. У гэтай галіне ён засяродзіўся ў першую чаргу на шырока вызначанай галіне датчыкаў — тэхналогій, звязаных з выяўленнем і нацэльваннем на балістычныя пагрозы.
— У галіне датчыкаў мы знаходзімся на глабальным узроўні, і менавіта тут мы можам шмат чаго прапанаваць. (...) Украіна дасягнула выдатных вынікаў у галіне эфектараў (эфектар — гэта канчатковы элемент баявой сістэмы, які непасрэдна выконвае задачу, напрыклад, ракета, ракета-носьбіт, бомба або беспілотнік — рэд.), выкарыстоўваючы перавагі разведкі, гэта значыць тое, што (...) забяспечвае НАТА, у тым ліку Польшча, — сказаў Бонк.
Нагадаем, мэта кааліцыі — развіццё еўрапейскіх магчымасцей па супрацьдзеянні балістычным ракетам, якія ў вялікай колькасці выкарыстоўваюцца Расіяй падчас нападаў на Украіну.
У цяперашні час мала тыпаў сістэм СПА, здольных эфектыўна перахопліваць гэтыя ракеты. Такую задачу выконваюць, між іншым, амерыканскія сістэмы «Patriot». Аднак у апошнія месяцы ракеты для гэтых сістэм сталі дэфіцытным таварам.
У канчатковым выніку праца еўрапейскай кааліцыі павінна прывесці да стварэння больш таннай і даступнай альтэрнатывы, незалежнай ад Злучаных Штатаў і вытворчых магутнасцей амерыканскіх заводаў.
аз