Палітычная і эканамічная нявызначанасць, а таксама высокія падаткі — асноўныя прычыны таго, што найбагацейшыя грамадзяне пакідаюць дзве магутныя краіны Еўропы. У мінулым годзе колькасць мільянераў у Францыі значна скарацілася. Падобная сітуацыя назіраецца ў Германіі. Найбагацейшых у першую чаргу прыцягваюць краіны, якія прапануюць ім розныя падатковы льготны, паведамляе «Puls Biznesu» са спасылкай на славенскі бізнес-партал «Finance».
Верагодна, у 2025 годзе колькасць мільянераў у Францыі магла скараціцца на 800 чалавек. Хоць гэта складае невялікі працэнт ад агульнай колькасці заможных грамадзян краіны, прычыны гэтай эміграцыі прымушаюць задумацца над згаданай з’явай.
Паводле справаздачы «UBS Global Wealth», у Францыі пражывае каля 2,4 мільёна чалавек з актывамі, якія перавышаюць мільён еўра. Аднак, як падлічыў Французскі інстытут даследавання дзяржаўнага кіравання і палітыкі, кожны мільянер, які эміграваў, забраў з сабой у сярэднім 5 мільёнаў еўра актываў. Такім чынам з французскай эканомікі знікла каля 4 мільярдаў еўра.
Колькасць заможных эмігрантаў мае рэальны ўплыў на эканоміку краіны — заможныя грамадзяне часцей адкрываюць бізнес, фінансуюць інвестыцыі, ствараюць працоўныя месцы і генеруюць значную частку падатковых паступленняў.
На высокія падаткі — адну з галоўных прычын эміграцыі мільянераў з Францыі — наракаюць таксама немцы. У 2025 годзе за мяжу са згаданай краіны з’ехалі больш за 288 тысяч чалавек. Даследаванне, праведзенае па замове платформы «Indeed», паказвае, што ўсё большая колькасць высокакваліфікаваных і добра аплачваных немцаў разглядае магчымасць пераезду ў іншую краіну.
Частата пошуку прапаноў працы за мяжой павялічылася больш чым удвая ў параўнанні з 2020 годам.
Куды пераязджаюць заможныя заходнееўрапейцы?
Згодна з апытаннем «Indeed», найбольш прывабнымі краінамі эміграцыі лічацца: ЗША, Вялікабрытанія, Швейцарыя, а таксама Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Індыя і Аўстралія.
Найбагацейшых у першую чаргу прыцягваюць краіны, якія ўводзяць для іх спецыяльныя падатковыя льготы: Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, Італія, Швейцарыя і Манака.
аз