Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Нямецкія кіроўцы масава едуць у Польшчу па таннае паліва

20.08.2026 14:04
Асабліва добра гэта відаць у памежных гарадах — Свінауйсце і Згажэлец.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjne Kalacheva/shutterstock

На польскія аўтазапраўкі каля заходняй мяжы краіны льецца вялікі паток кліентаў з Германіі, паведамляецца на сайце businessinsider.com.pl.

Пасля зніжэння ПДВ на паліва і ўвядзення максімальных рознічных цэн розніца паміж польскімі і нямецкімі цэнамі дасягае 80–90 еўрацэнтаў за літр.

З 17 жніўня ў Польшчы дзейнічае праграма «Таннейшыя цэны на паліва» (па-польску CPN - Ceny Paliwa Niżej). У яе межах стаўка ПДВ на бензін і дызельнае паліва была зніжана з 23 да 8 працэнтаў. Адначасова Міністэрства энергетыкі ўстанавіла верхнюю мяжу рознічных цэн.

Асабліва добра гэта відаць у памежных гарадах — Свінауйсце і Згажэлец. Паводле нямецкага Euronews, на мясцовых запраўках значна павялічылася колькасць аўтамабіляў з нямецкімі нумарамі.

Супрацоўнікі заправак адзначаюць, што немцы і раней прыязджалі запраўляцца ў Польшчу, але пасля апошняга зніжэння цэн іх колькасць істотна вырасла.

У Свінауйсці літр бензіну каштаваў каля 7 злотых 20 грошаў, або прыкладна 1 еўра 70 цэнтаў. У Германіі за той самы літр трэба было заплаціць каля 2 еўра 55 цэнтаў.

Пры запраўцы некалькіх дзясяткаў літраў эканомія становіцца вельмі адчувальнай. Адзін з кіроўцаў, якога цытуюць нямецкія медыя, запраўляў кемпер амаль 60 літрамі дызельнага паліва і заплаціў крыху больш за 400 злотых. У Германіі гэта каштавала б больш за 600 злотых.

Многія нямецкія кліенты не абмяжоўваюцца толькі бакам аўтамабіля — яны таксама запаўняюць палівам каністры.

яс