Як паведамляе газета Rzeczpospolita, перапоўненыя склады, пашкоджаныя экспартныя тэрміналы і рэзкае падзенне цэн на ўнутраным рынку сведчаць пра нарастаючыя праблемы. Галоўнай прычынай сталі атакі ўкраінскіх беспілотнікаў па партах Чорнага мора.
На гэтым тыдні Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі абвясціла аб стварэнні спецыяльнага крызіснага штаба па экспарце збожжа. Паводле расійскіх уладаў, экспартная лагістыка была фактычна паралізаваная пасля серыі ўдараў па асноўных марскіх тэрміналах.
У сярэдзіне жніўня беспілотнікі пашкодзілі тры збожжавыя тэрміналы ў порце Наварасійск, што прывяло да іх закрыцця. З ліпеня не працуе і збожжавы тэрмінал у Тамані, а рух праз Керчанскі праліў быў спынены.
У выніку экспарт расійскай пшаніцы апусціўся да самага нізкага ўзроўню за апошнія шаснаццаць гадоў.
Каб вырашыць праблему, Крэмль шукае новыя лагістычныя маршруты. Намеснік міністра сельскай гаспадаркі Максім Баравой паведаміў вытворцам, што цяпер улады разглядаюць магчымасць выкарыстання Паўночнага марскога шляху праз Арктыку.
Аднак эксперты сумняваюцца ў рэальнасці такога плана. Старшыня Расійскага збожжавага саюза Аркадзь Злачэўскі адзначае, што эфектыўных альтэрнатыў чорнаморскім портам пакуль няма.
Тэарэтычна частку збожжа можна было б экспартаваць праз Балтыйскае мора, але для гэтага неабходна карыстацца партамі Латвіі і Літвы, што ва ўмовах цяперашніх палітычных адносін практычна немагчыма. Санкт-Пецярбургскі збожжавы тэрмінал здольны перапрацоўваць каля трох мільёнаў тон у год, тады як чарнаморскія парты звычайна апрацоўваюць больш збожжа за адзін месяц.
Не выглядае перспектыўным і арктычны варыянт. Паўночныя парты Расіі не спецыялізуюцца на экспарце збожжавых культур. Інфраструктура там развіта слаба, а дастаўка прадукцыі з паўднёвых рэгіёнаў, напрыклад з Кубані да Мурманска, займае шмат часу і істотна павялічвае выдаткі.
Акрамя гэтага ў Расіі не хапае суднаў ледавага класа, а навігацыйны сезон у Арктыцы ўжо набліжаецца да канца. Таму шанцы хутка пераадолець збожжавы крызіс выглядаюць вельмі абмежаванымі.
яс