Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Палякі масава пакідаюць Германію

28.08.2026 14:02
У Германіі назіраецца новая тэндэнцыя: усё больш мігрантаў выязджаюць з краіны.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixel2013/pixabay.com/CC0 Public Domain

Пра гэта паведамляе польскі партал Gazeta.pl са спасылкай на даследаванне Польскага эканамічнага інстытута.

Паводле апублікаваных даных, у 2025 годзе міграцыйны баланс для грамадзян краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы стаў адмоўным. Колькасць тых, хто пакінуў Германію, была на 37 тысяч чалавек большай за колькасць тых, хто прыехаў.

Даследаванне ахоплівала грамадзян Польшчы, Балгарыі, Харватыі, Латвіі, Літвы, Румыніі, Славакіі, Чэхіі і Венгрыі. Негатыўная тэндэнцыя працягваецца ўжо другі год запар.

Найбольшы адток зафіксаваны сярод палякаў. Міграцыйны баланс склаў мінус 13 600 чалавек. Следам ідуць балгары ( мінус 13 тысяч), харваты (мінус 9 300 ) і румыны (мінус 2 400) чалавек.

Адначасова Германія працягвае прымаць значную колькасць грамадзян з іншых рэгіёнаў свету. Летась найбольшы прыток быў зафіксаваны з Украіны — каля 95 тысяч чалавек. Далей ідуць Індыя, Сірыя, Турцыя і Афганістан. Аднак і ў гэтых групах колькасць новых мігрантаў знізілася ў параўнанні з папярэднім годам.

Эксперты звязваюць гэта, у тым ліку, з узмацненнем нямецкага міграцыйнага заканадаўства і заканадаўства аб прадастаўленні прытулку ў 2025 годзе.

Для жыхароў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы важным фактарам стала таксама эканамічная сітуацыя. Паводле дадзеных Еўрастата, цягам апошніх трох гадоў эканамічны рост у Германіі быў ніжэйшы, чым у дзевяці краінах рэгіёна.

Лепшая эканамічная кан’юнктура ў дзяржавах Усходняй Еўропы азначае большы попыт на працоўную сілу і хутчэйшы рост заработнай платы. Таму для многіх працоўных мігрантаў праца ў Германіі ўжо не выглядае настолькі выгаднай, як раней.

Такім чынам, Германія паступова губляе частку сваёй прывабнасці для працоўнай міграцыі, а асабліва для грамадзян суседніх краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

яс