Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Штучны інтэлект можа прывесці да рэвалюцыі польскай падаткавай сістэмы

02.09.2026 13:00
Паводле Сусветнага банку, да 2035 года ШІ можа павялічыць рэальны ВУП Польшчы на больш за 12%.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Brian Penny/pixabay.com/CC0 Public Domain

На думку экспертаў, штучны інтэлект можа паўплываць на даходы ад падаткаў на працу, што будзе азначаць больш высокае падаткаабкладанне капіталу і прыбытку, паведамляе «Rzeczpospolita».

Шырокае ўкараненне штучнага інтэлекту ў польскай эканоміцы — рэарганізуе рынак працы і дзяржаўныя фінансы, мяркуюць эканамісты. Паводле звестак «Еўрастата», 8,4% кампаній у Польшчы ў цяперашні час выкарыстоўваюць штучны інтэлект, а да 2035 года гэтая доля вырасце да 45%.

У гэтым кантэксце, у сваёй апошняй справаздачы Сусветны банк папярэджвае аб структурных праблемах, такіх як зніжэнне занятасці і павялічэнне сацыяльнай няроўнасці. Аўтаматызацыя будзе непасрэдна ўплываць на структуру бюджэтных даходаў, перасцерагаюць эксперты.

Паводле ацэнак Сусветнага банка, да 2035 года паступленні ад падатку на прыбытак фізічных асоб знізяцца на 0,2% ВУП, а ад узносаў на сацыяльнае забеспячэнне — на 0,6% ВУП. У сваю чаргу, больш высокія паступленні ад падатку на прыбытак прадпрыемстваў (+0,1% ВУП) і падатку на дабаўленую вартасць (+0,3% ВУП) толькі часткова кампенсуюць гэтае зніжэнне, што прымусіць перанесці фіскальную нагрузку з працы на капітал і спажыванне.

З ростам прадукцыйнасці працы і аўтаматызацыяй некаторых задач перавагі ад штучнага інтэлекту могуць ва ўсё большай ступені даставацца ўладальнікам капіталу, у той час як даходы ад працы стануць адносна менш значнай крыніцай росту.

Сусветны банк ацэньвае, што штучны інтэлект можа павялічыць рэальны ВУП Польшчы на 12,1% да 2035 года. Аднак гэта азначае, што ў доўгатэрміновай перспектыве польскай падатковай сістэме давядзецца адаптавацца да гэтых змен.

Гэтую выснову падтрымліваюць польскія эканамісты. У апытанні экспертаў, якое правяло выданне, 11 з 15 рэспандэнтаў пагадзіліся з тэзісам, што развіццё штучнага інтэлекту ў доўгатэрміновай перспектыве прывядзе да пераносу фіскальнай нагрузкі з даходаў ад працы на даходы або прыбытак кампаній, якія выкарыстоўваюць штучны інтэлект.

аз