Да 2035 года польскі рынак паўправаднікоў можа вырасці ў пяць разоў. Перспектыўныя напрамкі ўключаюць праектаванне чыпаў, іх упакоўку і выкарыстанне нітрыду галію, паведамляе «Rzeczpospolita».
Гэтыя даныя ўтрымлівае справаздача банка BGK пад назвай «Ключавыя тэхналогіі: паўправаднікі як стратэгічны рэсурс для Польшчы». Прагназуецца, што польскі рынак будзе расці сярэднегадавымі тэмпамі амаль у 17%, тады як у свеце гэты паказчык складае 10%. Аднак гэта не азначае, што Польшчы варта будаваць заводы па вытворчасці самых сучасных чыпаў па ўзоры тайваньскіх гігантаў.
Аналітыкі BGK вылучаюць такія напрамкі, як праектаванне інтэгральных схем, сілавая электроніка, фатоніка, а таксама зборка, тэсціраванне і сучаснае карпусаванне чыпаў. Апошні сегмент набывае ўсё большае значэнне на фоне развіцця штучнага інтэлекту.
Важным актывам Польшчы з'яўляецца нітрыд галію (GaN), здольны замяніць крэмній у пэўных сферах прымянення. Чакаецца, што да 2035 года кошт унутранага рынку кампанентаў на яго аснове вырасце з 24,9 мільёна да 222,3 мільёна долараў. Варта адзначыць, што Інстытут фізікі высокіх ціскаў Польскай акадэміі навук валодае ўнікальным метадам атрымання монакрысталаў гэтага матэрыялу з выключна нізкім узроўнем дэфектаў. Перспектывы для польскіх кампаній адкрываюць таксама тэхналогіі падвойнага прызначэння.
— Польшчы неабавязкова канкурыраваць з сусветнымі лідарамі ў найбольш капіталаёмістых сегментах вытворчасці. Наш шанец — у фарміраванні пераваг у галіне праектавання схем, сілавой электронікі, тэхналогій нітрыду галію і ўкараненні інавацый, заснаваных на ўласнай інтэлектуальнай уласнасці, — заявіў выданню дырэктар Дэпартамента бізнес-інавацый BGK Яраслаў Каміньскі.
Тым не менш, пераход ад навуковых даследаванняў да вытворчасці застаецца праблемай. У польскім сектары зборкі, тэсціравання і карпусавання чыпаў занята больш за 5000 чалавек, аднак 92 працэнты гэтых працоўных месцаў забяспечваюць міжнародныя кампаніі.
нг