Польшча становіцца ўсё больш прывабным месцам для міжнародных канферэнцый і дзелавых мерапрыемстваў. Паводле справаздачы Польскай турыстычнай арганізацыі (POT), у 2025 годзе ў краіне прайшло амаль 18,6 тысячы сустрэч і мерапрыемстваў. Больш за палову рынку склалі карпаратыўныя і матывацыйныя падзеі, яшчэ значную частку — канферэнцыі і кангрэсы, паведамляе партал wnp.pl.
Рост міжнароднай актыўнасці пацвярджаюць і сусветныя рэйтынгі. Летась Польшча прыняла 215 міжнародных сустрэч асацыяцый, якія адпавядаюць крытэрам Міжнароднай асацыяцыі кангрэсаў і канвенцый (ICCA). Гэта вывела краіну на 18-е месца ў свеце і 11-е ў Еўропе.
Лідарам сярод польскіх гарадоў стала Варшава. Сталіца прыняла найбольшую колькасць сустрэч, але міжнародныя мерапрыемствы праходзілі таксама ў Кракаве, Гданьску, Познані, Уроцлаве, Катавіцах, Лодзі, Любліне, Шчэціне і іншых гарадах.
Польшча таксама палепшыла пазіцыі ў рэйтынгу Union of International Associations і ўвайшла ў лік найбольш запатрабаваных месцаў для міжнародных сустрэч. Паводле кіраўніцы POT Магдалены Круч, рост пазіцый у рэйтынгах ICCA і UIA пацвярджае, што краіна становіцца ўсё больш канкурэнтаздольнай як пляцоўка для кангрэсаў, канферэнцый і дзелавых падзей.
У POT падкрэсліваюць, што галоўная перавага Польшчы — не дамінаванне аднаго горада, а спалучэнне магчымасцяў розных рэгіёнаў. Гэта дазваляе краіне прапаноўваць замежным арганізатарам шырокі выбар пляцовак, інфраструктуры і дзелавых цэнтраў.
эж