Выданне «Forsal» піша, што ў свеце яшчэ не відаць канца глабалізацыі, як мяркуюць некаторыя эксперты. Паводле новай справаздачы кампаніі DHL, нягледзячы на войны, гандлёвае супрацьстаянне ЗША і Кітая і новыя мытныя тарыфы, сусветны гандаль працягвае расці. У першай палове гэтага года ён развіваўся найхутчэй з 2011 года. Паводле экспертаў DHL, глабалізацыя не знікае, а змяняецца. Усё большую ролю адыгрывае Азія, а эканамічныя сувязі паміж краінамі застаюцца моцнымі.
Адным з галоўных фактараў росту стаў сектар штучнага інтэлекту. На яго прыпала 76% росту сусветнага гандлю таварамі ў першым квартале 2026 года. Для параўнання, за ўвесь мінулы год гэты паказчык склаў 42%. З улікам развіцця ШІ, прагноз росту сусветнага гандлю на 2026–2029 гады павысілі да 3,4%. Гэта больш за сярэдні паказчык папярэдняга дзесяцігоддзя (2,7 адсотка).
Эксперты DHL адзначаюць, што, хоць гандаль паміж ЗША і Кітаем істотна скараціўся, іх саюзнікі не пайшлі тым жа шляхам. Амаль палову сусветнага гандлю — 47% — забяспечваюць нейтральныя краіны. Асобна эксперты адзначаюць Польшчу. Паводле Стывена Альтмана (Steven A. Altman) з бізнес-школы Stern Нью-Ёркскага ўніверсітэта, рост польскага знешняга гандлю ўдвая перавышае сусветны і ў 2,7 раза — сярэдні паказчык краін Еўрасаюза. У 2026–2029 гадах польскі гандаль, як чакаецца, будзе расці значна хутчэй за іншыя еўрапейскія рынкі.
Для Польшчы галоўным рынкам застаецца Еўропа. Найважнейшыя напрамкі экспарту — Германія, Вялікабрытанія і Італія, а імпарту — Кітай, Германія і Італія. Кіраўнік DHL Express Polska Томаш Бурась (Tomasz Buraś) прагназуе хуткі рост у Польшчы авіяцыйнай галіны, асабліва рамонту і абслугоўвання самалётаў, а таксама фармацэўтыкі і сектара аховы здароўя.
нг