У Польшчы падрыхтаваны законапраект, накіраваны на вырашэнне праблемы памылковых грашовых пераводаў па нумары тэлефона (праз сістэму BLIK). Праблема тычыцца банкаўскіх рахункаў, прывязаных да нумароў тэлефонаў, у якіх змяніўся ўладальнік, паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna».
Гаворка ідзе пра пераводы, якія ажыццяўляюцца праз мабільныя банкаўскія праграмы: сродкі ўсё часцей трапляюць не на той рахунак з-за таго, што да банкаўскага рахунку прывязаны няправільны нумар тэлефона (часта гэта адбываецца таму, што ўладальнік змяніў нумар або памёр, а ў банк інфармацыя не паступіла).
Праект уводзіць у Закон аб электронных камунікацыях новы артыкул 396a. Ён абавязвае тэлекамунікацыйныя кампаніі прадстаўляць пастаўшчыкам плацежных паслуг або плацежным арганізацыям спіс нумароў тэлефонаў, якія былі прысвоены абанентам і — у сувязі са спыненнем дзеяння дагавора на паслугі электроннай сувязі — маглі быць перададзены іншым асобам.
Меркаванні тэлекамунікацыйных аператараў і фінансавага сектара наконт прапанаванага рашэння падзяліліся: тэлекамунікацыйныя кампаніі ставяцца да яго адмоўна, тады як плацежныя аператары ўспрымаюць яго станоўча.
«Зніжэнне рызыкі памылковых пераводаў па нумары тэлефона важна, але прапанаванае рашэнне перакладае цяжар кантралявання бяспекі паслуг фінансавага сектара на аператараў тэлекамунікацыйных паслуг», — кажа Пётр Кэндзерскі (Piotr Kędzierski), дырэктар Дэпартамента па пытаннях рэгулявання і аптовага рынку кампаніі T-Mobile Polska.
З іншага боку, дырэктар юрыдычнага дэпартамента кампаніі Polish Payment Standard (Polski Standard Płatności – Польскі стандарт аплаты) Ежы Мрочак (Jerzy Mroczek) вельмі станоўча ацэньвае прапанаваную папраўку.
«Мэта — павысіць бяспеку ўсёй плацежнай экасістэмы, у тым ліку тэлекамунікацыйных кампаній, якія таксама атрымліваюць выгаду ад плацяжоў», — сказаў ён выданню «DGP».
нг