Беларуская Служба

Украінскія гастарбайтэры не супраць памяняць Польшчу на Германію

23.11.2019 08:07
Украінцы штораз радзей выбіраюць Польшчу ў якасці краіны, куды накіроўваюцца на працу.
Аўдыё
  • У Польшчы на пастаяннай альбо часовай аснове працуе каля 1 млн грамадзян Украіны
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.Pixabay

У Польшчы на пастаяннай альбо часовай аснове працуе каля 1 млн грамадзян Украіны. Паводле большасці эканамістаў, украінцы ратуюць польскую эканоміку, бо калі б не іх працоўная эміграцыя, то на польскім рынку працы з’явіліся б сур’ёзныя праблемы. Аднак штораз часцей з’яўляецца інфармацыя пра тое, што ўкраінцаў спрабуюць перацягнуць немцы.

Украінцы штораз радзей выбіраюць Польшчу ў якасці краіны, куды накіроўваюцца на працу. Цяпер 53% украінцаў, якія раней працавалі альбо працуюць у Польшчы, заяўляюць, што хацелі б чарговы раз прыехаць на работу. Аднак гэта на 5% менш у параўнанні з папярэднім годам. Такія дадзеныя прыводзяцца ў справаздачы кампаніі «Персанал сэрвіс», якая займаецца працаўладкаваннем, у тым ліку замежных грамадзян. А ў рэйтынгу краін, у якія хацелі б паехаць украінцы на працу, Польшча апусцілася на другое месца: першае ж заняла Германія, гаворыць прадстаўнік кампаніі «Персанал сэрвіс» Моніка Банысь.

- У дадзеным выпадку вялікую ролю адыгрывае фінансавы аспект, таму што ў Германіі яны могуць больш зарабіць, чым у нас, а ўвогуле прыкладна ў 5-6 разоў больш, чым ва Украіне. І таму здзіўляцца не прыходзіцца, таму што фінансавы аспект у выпадку кароткатэрміновай працоўнай эміграцыі вельмі важны.

Пачынаючы з наступнага года, Германія будзе ўводзіць новае, больш ліберальнае эміграцыйнае заканадаўства. Але, нягледзячы на гэта, Польшчы не пагражае масавы выезд украінцаў з краіны, лічыць прадстаўнік Польскага эканамічнага інстытута Анджэй Кубісяк.

- Немцы ўводзяць новыя правілы, але для ўкраінцаў існуюць шматлікія перашкоды, і адна з іх – гэта моўная перашкода. Я думаю, што спачатку немцы правераць веданне нямецкай мовы, а толькі пазней дадуць дазвол на працу. Па-другое, Германія зацікаўленая ў прыцягненні супрацоўнікаў з адукацыяй, а ў Польшчы ўкраінцы працуюць у якасці звычайных працаўнікоў.

Калі чалавек едзе за працай за мяжу, то звяртае ўвагу не толькі на памер зарплаты, але і на іншыя фактары, кажа Моніка Банысь.

- У прыватнасць, гэта адлегласць ад дому, а таксама адсутнасць моўных бар’ераў. Палякі, калі едуць за мяжу, то стараюцца ехаць як бліжэй да Польшчы – украінцы таксама, – каб мець магчымасць часцей наведваць сям’ю.

Пры гэтым эксперты адзінагалосна сцвярджаюць, што працоўны патэнцыял з Украіны пакрысе пачынае вычэрпвацца, і хутчэй за ўсё ў будучым годзе гэтая тэндэнцыя пачне ўзмацняцца. І таму Польшча павінна больш адкрыцца на працаўнікоў з-за сваёй усходняй мяжы, лічыць Моніка Банысь.

- Каб затрымаць украінцаў у сябе, нам трэба стварыць адпаведную эміграцыйную палітыку, якая на дадзены момант у нас проста адсутнічае. Нашаму рынку працы патрэбныя не толькі рабочыя, але і спецыялісты, напрыклад, лекары. Таму нам варта ім дапамагаць, напрыклад, пры настрыфікацыі дыпломаў альбо пры атрыманні крэдытаў на жыццё ці вучобу дзяцей.

Украінцы працаўладкаваныя ў Польшчы перш за ўсё ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўнічай галіне і сферы паслугаў. І калі ўкраінцы пачнуць выязджаць з Польшчы, то гэтая тэндэнцыя перш за ўсё ўдарыць менавіта ў гэтыя галіны эканомікі, зазначаюць спецыялісты.

Нядаўна мы паведамлялі, што Міністэрства аховы здароўя Польшчы плануе ўвесці новыя правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Еўрасаюза. У прыватнасці, такім урачам не трэба было б праходзіць настрыфікацыю дыплома. Гэта можа прыцягнуць у Польшчу лекараў, жадаючых тут застацца на пастаянную працу.

У польскай службе аховы здароўя стаіць вострая праблема з недахопам кадраў: лекараў, медсёстраў і парамедыкаў.
Мяркуецца, што дазвол на працу лекарам будзе выдавацца ў канкрэтнай польскай бальніцы пасля праходжання іспыту, які дае ім права на прафесійную дзейнасць у Польшчы.

Для рэалізацыі ініцыятывы трэба ўнесці папраўкі ў Закон аб прафесіях лекара і стаматолага. Праект зменаў ужо паступіў у Сейм Польшчы. Пакуль невядома, калі яго разгледзяць дэпутаты. У праекце гаворыцца пра прыём на працу замежнага ўрача без настрыфікацыі дыплома на максімальны тэрмін да пяці гадоў і ў вызначаную ўстанову аховы здароўя. Канчатковае рашэнне аб працаўладкаванні прымала б Акруговая медычная палата – рэгіянальны орган лекарскага самакіравання.

Паводле спецыялістаў, змяненні датычаць перш за ўсё ўрачоў з Беларусі і Украіны.

У Польшчы ўрачы – адна з прафесійных катэгорый з найлепшымі заробкамі. Зарплаты польскіх лекараў на ўзроўні 3-4 тыс. еўра (у пераводзе са злотых) з'яўляюцца стандартам.

вс

слухайце аўдыёфайл