Беларуская Служба

Падрыхтоўка да будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порту праходзіць згодна плану

31.01.2020 14:02
Гэта будзе не толькі самы буйны транспартны вузел у нашай частцы Еўропы, але таксама самы сучасны аэрапорт на ўсім кантыненце.
Projekt Centralnego Portu Komunikacyjnego
Projekt Centralnego Portu Komunikacyjnegocpk.pl

Падрыхтоўка да будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порту праходзіць згодна плану – паведамляе Rzeczpospolita. Гэта будзе не толькі самы буйны транспартны вузел у нашай частцы Еўропы, але таксама самы сучасны аэрапорт на ўсім кантыненце. Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што падчас перамоваў з замежнымі партнёрамі палякі сустракаюцца са зразуменнем, наколькі гэта важная інвестыцыя. На думку Маравецкага, порт стане лакаматывам польскай эканомікі і дазволіць Польшчы развівацца хутчэй.

Улады плануюць, што порт будзе пабудаваны да 2027 года. Гэта вельмі амбітны план, які Марцін Гарала, адказны за будаўніцтва, параўнаў з заваяваннем залатога медалю на алімпіядзе. Бізнесплан ужо гатовы, ідзе выбар стратэгічнага дарадчыка, у рамках тэхнічнага дыялогу вядуцца перамовы між іншым з аэрапортамі ў Токіа, Сінгапуры ды Сеуле.

Праўленне кампаніі Цэнтральны камунікацыйны порт прадставіла праграму будаўніцтва сеткі хуткай чыгункі, якая будзе вазіць пасажыраў у порт з розных гарадоў Польшчы. У яе рамках улады намераны збудаваць звыш 1 тысячы 600 кіламетраў новых чыгуначных трас. Падарожжа з Варшавы ў порт хуткасным цягніком зойме толькі 15 хвілін. Порт будзе знаходзіцца каля мясцовасці Баранаў, на шляху з Варшавы ў Лодзь.

Данута Валеўска/нг