Беларуская Служба

Кампанія «Орлен Летува» ўвяла ў эксплуатацыю чарговую інвестыцыю

17.02.2020 19:32
Новая інвестыцыя – гэта чыгуначная ветка, якая спалучыла латвійскі горад Рэнге і Мажэйкяйскі нафтаперапрацоўчы завод – адзіны НПЗ у краінах Балтыі.
Аўдыё
  • Польскі нафтаканцэрн «Орлен» паведаміў пра завяршэнне рэалізацыі чарговай інвестыцыі ў Літве
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.Minale Tattersfield/CC BY-SA 2.0/Flickr

Польскі нафтаканцэрн «Орлен» паведаміў пра завяршэнне рэалізацыі чарговай інвестыцыі ў Літве. Дзякуючы ёй прадукцыя з заводу «Орлен Летува» трапіць на рынкі Латвіі і Эстоніі карацейшым шляхам.

Новая інвестыцыя – гэта чыгуначная ветка працягласцю амаль 20 км, якая спалучыла латвійскі горад Рэнге і Мажэйкяйскі нафтаперапрацоўчы завод – адзіны НПЗ у краінах Балтыі, які ўваходзіць у склад кампаніі «Орлен Летува».

Увогуле, раней на адкрытым участку ўжо існавала чыгуначная ветка, аднак у 2008 годзе палатно было дэмантаванае. Дзякуючы паляпшэнню літоўска-польскіх адносін справу ўдалося давесці да таго, што Літоўская чыгунка занялася рэканструкцыяй веткі, якая закончылася ў снежні 2019 года. А на днях з НПЗ у горад Рэнге адправіўся першы грузавы цягнік з нафтапрадуктамі.

Старшыня праўлення Польскага нафтаканцэрну «Орлен» Даньель Абайтэк сказаў на ўрачыстым адкрыцці веткі, што згаданая інвестыцыя дазволіць кампаніі працаваць у рэгіёне больш паспяхова.

- Дзякуючы інвестыцыі мы зможам прымаць новыя стратэгічныя рашэнні. У сваю чаргу дзякуючы рашэнням НПЗ атрымае шанц на хутчэйшае развіццё, а прыбытак, выпрацаваны кампаніяй, у выглядзе падаткаў трапіць у літоўскі бюджэт.

Міністр транспарту Латвіі Таліс Лінкайтс сказаў падчас цырымоніі, што адкрыццё чыгуначнай веткі мае вялікае значэнне агулам для транспартнай сістэмы яго краіны.

- Можа здавацца, што 19 км – гэта невялікі адрэзак. Але з камунікацыйнага пункту гледжання ён вельмі важны, і я рады таму, што яго ўдалося адкрыць.

У сваю чаргу міністр транспарту і камунікацый Літвы Яраслаў Наркевіч зазначыў, што адкрыццё чыгуначнай лініі паміж Мажэйкяйскім НПЗ і горадам Рэнге – гэта інвестыцыя з думкай пра будучыню.

- Я разглядаю адкрыццё веткі ў якасці інвестыцыі ў будучыню, якая акажа пазітыўны ўплыў на літоўскіх грамадзян і мясцовых жыхароў. Дзякуючы развіццю НПЗ павялічацца адлічэнні ў бюджэт, а гэта пазітыўным чынам паўплывае на сітуацыю кожнага грамадзяніна нашай краіны.

«Орлен Летува» – гэта дачыннае прадпрыемства польскага нафтаканцэрну. Да 2009 года кампанія называлася «Мажэйкю Нафта». У склад фірмы «Орлен Летува» ўваходзіць Біржайскі нафтаправод, нафтатэрмінал у літоўскім порце Бутынга, гандлёвы дом, сетка АЗС і іншыя актывы. Галоўным жа актывам кампаніі з'яўляецца Мажэйкяйскі нафтаперапрацоўчы завод. Ён быў адкрыты ў 1980 годзе ў вёсцы Юадэйкі Мажэйкяйскага раёну.

У 2018 годзе НПЗ перапрацаваў 8 млн тонаў нафты. Кампанія «Орлен Летува» была найбольшым падаткаплацельшчыкам Літвы і мела найбольшы абарот у краіне. Прадпрыемства зʼяўляецца буйнейшым пастаўшчыком бензіну і дызельнага паліва ў Літве, Латвіі і Эстоніі. Адзіным пайшчыкам і ўладальнікам прадпрыемства зʼяўляецца Польскі нафтавы канцэрн «Орлен».

Рашэнне аб будаўніцтве завода ў Літве было пранятае ў 1970 годзе Міністэрствам нафтаперапрацоўчай і нафтахімічнай прамысловасці СССР. У 1980 годзе завод пачаў працу.

У 1999 годзе акцыі НПЗ купіў амерыканскі канцэрн «Уільямс Інтэрнэшнл», у 2002-м асноўным акцыянерам завода стаў расійскі «Юкас». У сваю чаргу ў 2006 годзе ад «Юкаса» кантрольны пакет акцый набылі палякі, паступова павялічваючы колькасць акцый да 100% шляхам набыцця іх ад літоўскай дзяржавы.

У 2006 годзе Расія спыніла пастаўкі нафты па нафтаправодзе «Дружба» на Мажэйкяйскі НПЗ. З таго моманту адзіным шляхам паставак сырой нафты на завод зʼяўляецца марскі праз тэрмінал у Бутынзе.

вс

слухайце аўдыёфайл