Беларуская Служба

Фрустрацыя малых фірмаў

30.08.2021 13:02
Кожны чацвёрты кіраўнік фірмы выбраў бы іншую галіну, калі б сёння пачынаў бізнес, піша штодзёнка «Rzeczpospolota».
Ілюстрацыйны здымакEPA/ANDY RAIN Dostawca: PAP/EPA

Выданне ацэньвае сітуацыю малога бізнесу ў Польшчы.

59% кіраўнікоў ці ўласнікаў транспартных фірмаў шкадуюць, што выбралі гэтую галіну. У гандлі негатыўнае стаўленне выказваюць 34% уладальнікаў. Адваротная сітуацыя ў будаўніцтве ды паслугах. Такія вынікі даследавання сітуацыі на рынку сярэдніх і малых прадпрыемстваў з колькасцю працаўнікоў не больш за 250.

У сярэднім у Польшчы кожны чацвёрты кіраўнік ці ўладальнік такой фірмы незадаволены выбарам сферы дзейнасці. Два гады таму такое стаўленне выказваў кожны трэці, піша выданне.
Найчасцей прычынамі называюць: адсутнасць кваліфікаваных працаўнікоў, высокія кошты ў галіне, празмерныя бюракратычныя патрабаванні ды моцная канкурэнцыя.

Найгорш свае перспектывы ацэньваюць прадстаўнікі транспартнага сектару. Дадзеныя пацвярджаюць складанасць сітуацыі, піша выданне. Менавіта ў гэтым сектары найбольш фірмаў даўжнікоў, спазненні ў разліках, патрэбы ў пастаянных інвестыцыях ды жорсткія бюракратычныя працэдуры, а таксама недахоп працаўнікоў.

Другая праблемная галіна – гандаль, піша выданне. Тут на пагаршэнне настрояў уплывае рост падатковага цяжару, рост цэн ды высокая канкурэнцыя. Для выжывання фірмы мусяць кансалідавацца, бо раздробленасць на рынку велізарная, піша газета.

ПР/юл