Беларуская Служба

Польшча і Украіна будуюць базіс пад будучыя добрыя адносіны ў эканоміцы

04.07.2022 15:59
Калі вайна закончыцца, Украіна будзе хутка адбудоўвацца, а Польшча зможа разлічваць на інтэнсіўную эканамічную супрацу з гэтай дзяржавай.
Аўдыё
  • Будучая эканамічная супраца з Украінай
Ілюстрацыйны здымакPixabay

Ва Украіне працягваецца жорсткая вайна, развязаная Расіяй. Польшча, будучы блізкім суседам Украіны, аказвае ёй дапамогу ваеннай тэхнікай і падтрымкай бежанцаў. Польскія ўлады таксама зазіраюць наперад і стараюцца рабіць захады дзеля інтэнсіўнай эканамічнай супрацы дзяржаваў пасля заканчэння баявых дзеянняў. Шырэй на тэму нг

Вайна Расіі супраць Украіны вельмі адмоўна ўплывае на эканоміку гэтых дзяржаваў. Расія атрымлівае па заслугах за агрэсію супраць незалежнай дзяржавы – з яе рынку выходзяць дзясяткі замежных кампаній, свет увёў жорсткія санкцыі, якія выклікаюць шматлікія эканамічныя праблемы. Расійская эканоміка, якая пацярпела ад санкцыяў, пагружаецца ў глыбокую рэцэсію, аб’ём вытворчасці сёлета зменшыцца на звыш 11%.

У сваю чаргу Украіна змагаецца за сваю свабоду, а нават за права на існаванне. Паводле прагнозаў Сусветнага банку, эканоміка Украіны ў гэтым годзе скароціцца прыкладна на 45%. Маштаб рэцэсіі можа быць яшчэ большы, калі вайна зацягнецца, а яе інтэнсіўнасць будзе нарастаць – адзначаюць аналітыкі банку. Маштабы гуманітарнага крызісу настолькі вялізныя, што спецыялісты кажуць пра самую сур’ёзную з часоў Другой сусветнай вайны гуманітарную катастрофу, якая прымусіла мільёны людзей пакінуць свой дом і шукаць больш бяспечнае месца. Украінскі ўрад у гэтай экстрэмальнай сітуацыі стараецца падтрымаць сваіх грамадзян, але Украіне патрэбная масіўная фінансавая дапамога. Палякі скардзяцца на вялізную інфляцыю, але гэта дробязь у параўнанні з тым, што адбываецца ва Украіне, – кажа міністр развіцця і тэхналогіі Вальдэмар Буда.

- Сітуацыя там абсалютна драматычная. Даходы ад падаткаў упалі на некалькі дзясяткаў адсоткаў. Фірмы дзейнічаюць толькі ў заходняй частцы краіны. Акрамя таго, назіраюцца вялізныя ваенныя страты – напрыклад, знішчаныя некалькі сотняў мастоў, у выніку чаго немагчымая нармальная эканамічная супраца. Няма сродкаў на выплату пенсіяў, сістэма сацыяльнага страхавання не можа нармальна дзейнічаць, паколькі бракуе грошай. Гэта жахлівая сітуацыя, якую мы нават не ў стане сабе ўявіць. Палякі скардзяцца на інфляцыю ў 15%, а там тавары падаражэлі на некалькі дзясяткаў адсоткаў, а людзі перасталі ўвогуле зарабляць. Калі б у нас было беспрацоўе на ўзроўні 20%, а пры гэтым высокая інфляцыя, тады была б сур’ёзная праблема. Аднак у нас беспрацоўя амаль што няма, інфляцыя на ўзроўні 15%, а рост заробкаў – каля 10%, так што рэальная інфляцыя – толькі 5%. Гэта яшчэ не такая вялікая праблема, якая магла б быць пры высокім беспрацоўі. Мы ўсе, разам, бярэм на сябе цяжар гэтай інфляцыі – гэта справядліва.

Польшча аказвае вялізную падтрымку ўкраінцам ды Украіне. Яна адкрыла свае межы для ўкраінскіх бежанцаў, якія могуць не толькі без перашкодаў уладкавацца на працу ў Польшчы, але таксама атрымліваюць фінансавую дапамогу. Польскія ўлады гэта робяць не толькі ў выніку пачуцця салідарнасці з суседзямі, якія сутыкнуліся з брутальнай агрэсіяй, але таксама ў імя ўласных інтарэсаў, паколькі палякі разумеюць, што Украіна змагаецца таксама за свабоду і бяспеку сваіх суседзяў, у тым ліку Польшчы. Акрамя таго, польскія ўладатрымальнікі стараюцца зазірнуць за гарызонт – у тыя часы, калі вайна закончыцца, Украіна будзе хутка адбудоўвацца, і дзякуючы добрым адносінам Польшча зможа разлічваць на інтэнсіўную эканамічную супрацу з гэтай дзяржавай.

- Я думаю, усе разумеюць, што мы стаім на парозе зусім новых адносінаў з Украінай – як палітычных, так і эканамічных. Гэта новы раздзел. Гістарычныя пытанні адыходзяць на другі план, а на першы выходзіць будучыня. Тыя, хто спрабаваў весці бізнес у краінах, якія толькі пачынаюць свой шлях на Захад, ведаюць, што інтарэсы ў такіх дзяржавах будуюцца на даверы і сяброўскіх адносінах. Адны толькі сухія правілы і доступ да рынку – гэта мала. Мы стараемся будаваць такі давер паміж нашымі народамі, які ў будучым пазітыўна паўплывае на эканамічныя адносіны. Ці так станецца – пераканаемся праз год – два гады. Няма іншага народу, які аказваў бы ўкраінцам столькі дапамогі, колькі палякі. Гэта не можа застацца незаўважаным. Акрамя таго, Польшча з’яўляецца натуральным хабам, адкуль пастаўляецца дапамога Украіне. Калі блакада чарнаморскіх партоў працягнецца, то кантакты са светам далей будуць адбывацца праз Польшчу. Гэта будзе набліжаць кансорцыумы, будзе паглыбляць эканамічныя адносіны паміж Польшчай і Украінай.

На дадзены момант востра стаіць пытанне паставак украінскага збожжа ў розныя краіны свету, у тым ліку дзяржавы Азіі і Афрыкі. З-за блакады партоў транспартаванне магчымае выключна сухапутным шляхам, у тым ліку праз Польшчу. Акрамя таго, шматлікія бізнесмены ўжо думаюць пра магчымасць уключыцца ў адбудову Украіны, але яны б хацелі мець на сваю базу больш бяспечнае месца непадалёк ад Украіны, дзе яшчэ шмат гадоў можа быць небяспечна. І такім месцам магла б стаць Польшча – падсумаваў магчымасць эканамічнай супрацы з Украінай міністр развіцця і тэхналогіі Вальдэмар Буда.

І Пр. ПР/нг