Да 2035 года Польшча плануе выдаткаваць на мадэрнізацыю арміі ажно 524 мільярды злотых (амаль 110 мільярдаў еўра), заявіў віцэ-прэм'ер і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак у інтэрвʼю газеце «Rzeczpospolita». Ён падкрэсліў, што трэба быць гатовым да стрымлівання агрэсара.
Міністр запэўніў, што зараз Польшча бяспечная дзякуючы моцнай арміі і моцных саюзаў, часткай якіх яна з’яўляецца. «Бяспека была і застаецца прыярытэтам урада «Права і справядлівасці», таму мы выдзяляем найбольшыя ў гісторыі краіны грошы на мадэрнізацыю Войска Польскага. Я хачу, каб шматгадовае занядбанне, у тым ліку дэмантаж падраздзяленняў, было ліквідаванае», – падкрэсліў Марыюш Блашчак.
«Мы павінны яшчэ больш паскорыць мадэрнізацыю нашай арміі, таму што гэта адзіны правільны адказ на варварскі напад Расіі на Украіну», – сказаў міністр.
«Велізарныя выдаткі, якія трэба панесці, накіраваныя на тое, каб ніхто не адважыўся на нас напасці», – паясніў палітык і дадаў, што дзяржава павінна быць у стане стрымліваць агрэсара ўласнымі ўзброенымі сіламі.
аз