Амерыканскія навукоўцы распрацавалі кампазітную смалу, якая аблегчыць утылізацыю старых ветраных лопасцяў - чытаем на сайце Energetyka 24. Пасля перапрацоўкі можна з іх будзе рабіць аўтамабільныя фары, падгузнікі, а нават... цукеркі!
Рэвалюцыйнае рашэнне было распрацавана навукоўцамі дзяржаўнага ўніверсітэту Мічыгана. На штогадовай канферэнцыі Амерыканскага хімічнага таварыства яны прадставілі новы тып кампазітнай смалы, дзякуючы якой лопасці можна выкарыстоўваць паўторна ў шырокім спектры іншых прадуктаў.
Навукоўцы распрацавалі новы кампазіт, злучыўшы шкловалакно з палімерамі сінтэтычнага і расліннага паходжання. Атрыманая тэрмапластычная смала досыць трывалая.
Растварэнне панэляў у свежым манамеры і фізічнае выдаленне шкляных валокнаў дазваляе пераўтварыць матэрыял у новыя прадукты або паўторна выкарыстоўваць яго ў вытворчасці вятракаў. Важна адзначыць, што пераробленая смала будзе мець тыя ж фізічныя ўласцівасці.
Такую сумесь у спалучэнні з іншымі прамысловымі матэрыяламі можна ператварыць як у прадметы паўсядзённага побыту, так і ў вытворчасць аўтамабільных дэталяў, а нават падгузнікаў. Доктар Джон Дорган, які працуе над праектам, падкрэслівае, што ачыстка смалы дыстыляцыяй дае харчовы лактат калію.
Лактат калію – гэта злучэнне, якое выкарыстоўваецца ў вытворчасці мясных прадуктаў і ў якасці рэчыва, якое рэгулюе кіслотнасць, сярод іншага, у варэнні або жэле. Дзякуючы свайму нейтральнаму pH, ён таксама выкарыстоўваецца ў дзіцячым харчаванні і касметыцы.
«Гэта злучэнне, якое можна знайсці ў спартыўных напоях або ва ўсіх відах цукерак, – кажа Дорган. – Таму мы пайшлі яшчэ далей і дадалі адноўлены матэрыял у цукеркі. Такім чынам мы зрабілі жэле ў форме мядзведзікаў», – дадае навуковец.
Паводле ягоных словаў, атам вугляроду, які паступае з расліны, нічым не адрозніваецца ад атама вугляроду, атрыманага з выкапнёвага паліва. «Усё гэта з'яўляецца часткай глабальнага кругавароту вугляроду, і мы паказалі, што можам перайсці ад біямасы да ўстойлівых пластмас і назад да ежы», – дадаў вучоны.
нг