Беларуская Служба

43 мытнікам прад’яўленыя абвінавачванні. Інфармацыю перадалі беларусы

15.09.2022 12:12
Падазраваныя ў асноўным зʼяўляюцца супрацоўнікамі Люблінскай мытні і падатковай службы ў Бяла-Падлясцы.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота: Ministerstwo Finansów

43-м былым і дзеючым супрацоўнікам мытні з польска-беларускіх памежных пераходаў, у т.л. у Люблінскім ваяводстве прад’яўленыя абвнавачванні аб злоўжыванні паўнамоцтвамі і падлогу дакументаў. Гэта вынік двухгадовага расследавання акруговай пракуратуры Любліна, піша выданне Dziennik Wschodni.

Размова ідзе пра невыкананне мытнікамі сваіх абавязкаў па вяртанні Tax Free, што адбылося ў 2012-2013 гадах.

- Асобы, якім былі прад'яўленыя абвінавачанні, пацвердзілі няпраўду аб абставінах вывазу з тэрыторыі Польшчы тавараў, за якія падлягала вяртанне падатку Tax Free. Гэта было зроблена для атрымання фінансавай выгады, – кажа прэс-сакратар акруговай пракуратуры Любліна Агнешка Кемпка.

Па дадзеных пракуратуры, мытнікі зарэгістравалі дакументы, якія пацвярджаюць вываз мабільных тэлефонаў. Па гэтых дакументах быў кампенсаваны падатак на дабаўленую вартасць (Tax Free). Аднак тэлефоны ў сапраўднасці не былі набытыя ў Польшчы і вывезеныя з краіны.

Па версіі следства, грошы ад вяртання падатку павінны былі пайсці ў кішэні датычных да справы службоўцаў. Вядома, што на дадзены момант абвінавачанні прадʼяўленыя 43 асобам.

Падазраваныя ў асноўным зʼяўляюцца супрацоўнікамі Люблінскай мытні і падатковай службы ў Бяла-Падлясцы. Першыя абвінавачанні супраць афіцэраў былі прадʼяўлены ў пачатку красавіка. У іх абарону выступілі прафсаюзныя дзеячы. Лісты наконт гэтага двойчы накіроўваліся кіраўніку Падатковай службы, а ў ліпені яшчэ і генеральнаму пракурору.

«Найперш мы прасілі ўзяць пад нагляд гэтае расследаванне, таму што шматгадовы досвед пераканаў нас у тым, што абвінавачванні бываюць часам неабгрунтаваныя, асабліва калі доказы заснаваныя на паказаннях кантрабандыстаў, якія проста хочуць прыбраць супрацоўнікаў, якія перашкаджаюць ім у арганізацыі кантрабанды», – сцвярджае Славамір Сівы (Sławomir Siwy), старшыня прафзвязу мытнікаў Польшчы. Ён дадае, што пра гэта сведчыць статыстыка завершаных расследаванняў. – Толькі што, у верасні, на службу ў Любліне вярнулася вялікая група апраўданых праз шмат гадоў службоўцаў. Гэтага не павінна быць, і польская пракуратура не павінна дапамагаць кантрабандыстам прыбіраць найбольш эфектыўных афіцэраў з памежных пераходаў, якія выконвалі свае задачы ў адпаведнасці з інструкцыямі», – мяркуе прафсаюзны дзеяч.

Ён таксама падкрэслівае, што менавіта паказанні беларусаў, дапытаных беларускімі следчымі ў межах аказання прававой дапамогі, паўплывалі на абвінавачанні ў расследаванні Люблінскай раённай пракуратуры.

– І ўсё ж у кантэксце гібрыднай вайны, якую Беларусь вядзе з Польшчай, такія паказанні не варта ўспрымаць як даставерныя, – гаворыць Славамір Сівы.

Некаторыя афіцэры, якім прадʼяўленыя абвінавачанні, вярнуліся да працы.

- Такая магчымасць прадугледжана Законам аб Нацыянальнай падатковай адміністрацыі. Гэта дазваляе ўскладаць на афіцэра, у дачыненні да якога вядзецца крымінальны пераслед, задачы ў іншым падраздзяленні і абавязкі, адрозныя ад тых, якія выконваліся раней, – тлумачыць Міхал Дэрусь (Michał Deruś), прэс-сакратар Палаты падатковай адміністрацыі ў Любліне.

вх