Беларуская Служба

Беларускія прадпрымальнікі ахвотней за ўсё пераносяць свой бізнес у Польшчу

20.09.2022 13:38
Пытанням дзейнасці беларускіх бізнесоўцаў за мяжой прысвечаны ІІ Беларускі бізнес-форум, які адбываецца 19 і 20 верасня ў Варшаве.
Аўдыё
  • Другі беларускі бізнес-форум у Варшаве
   -
Удзельнікі Другога беларускага бізнес-форуму ў Варшаве фота: БСПР

За апошнія два гады з Беларусі з’ехалі дзясяткі тысяч актыўных людзей, у тым ліку прадпрымальнікаў, якія перанеслі сваю справу за мяжу, сутыкнуўшыся пры гэтым зачастую з самымі рознымі праблемамі. Пытанням дзейнасці беларускіх бізнесоўцаў за мяжой прысвечаны ІІ Беларускі бізнес-форум, які адбываецца 19 і 20 верасня ў Варшаве.

Амаль усе дыскусіі і выступленні падчас Беларускага бізнес-форуму ў будынку Варшаўскай фондавай біржы, закранаюць у той ці і іншай форме тэматыку вайны ва Украіне. Яшчэ нядаўна здавалася, што рэпрэсіі, з якімі сутыкнуліся беларусы пасля выбараў 2020 года, гэта найгоршае, што можа адбыцца, у тым ліку з бізнес-супольнасцю. У выніку пераследу за мяжу пераехалі тысячы людзей, часта вельмі актыўных людзей, якія займаліся ў Беларусі ўласнай справай, таму ў іншай краіне яны шукалі магчымасці адкрыць бізнес. Але аказалася, што рэпрэсіі з боку беларускага рэжыму – гэта не адзіная праблема бізнесу. Калі пачалася поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны, людзям бізнесу прыйшлося мяняць сваё жыццё, – гаворыць старшыня Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) Яўген Буры.

- Усе нашы планы былі перагледжаныя ў адзін дзень. Зараз мы канцэнтруемся на абароне беларускага бізнесу за мяжой, які сутыкаецца з праблемамі, ёсць нават факты дыскрымінацыі. Напрыклад, у краінах Балтыі не адкрываюць беларусам рахункаў у банках. Польшча, трэба адзначыць, самая лаяльная ў гэтым плане краіна, але і тут ёсць некаторыя праблемы. Мы абмяркоўваем магчымасць адкрыцця гарантыйнага фонду, каб бізнес без гісторыі мог атрымаць фінансаванне.

Удзельнікаў форуму прывітаў старшыня праўлення Варшаўскай фондавай біржы Марэк Дыетл (Marek Dietl), які казаў, што ў дэмакратычнай Беларусі будзе магчымасць развіваць рынак капіталаў, а можа і стварыць фондавую біржу.

Лідарка свабоднай Беларусі Святлана Ціханоўская адзначыла, што паслявыбарчы крызіс прымусіў многіх прадпрымальнікаў выехаць з Беларусі. Сітуацыя значна пагоршылася 24 лютага 2022 года, калі Лукашэнка дазволіў расійскім войскам атакаваць з тэрыторыі Беларусі Украіну. Перад вайной да беларусаў ставіліся як да народу, які змагаецца за дэмакратыю, а цяпер у вачах украінцаў беларусы сталі агрэсарамі.

- Мы ўвесь час тыя ж людзі, якія змагаюцца за свабоду. Нам прыходзіцца штодзённа даказваць, што рэжым не прадстаўляе людзей. Прыватны сектар заплаціў самую высокую цану гэтай агрэсіі. ЕЗ увёў санкцыі, Беларусь стала таксічнай краінай для свету. Канешне, нельга параўноўваць гэта з пакутамі жыхароў Украіны. За шэсць месяцаў гэтага года ў Беларусі знікла каля 6000 малых і сярэдніх кампаній. Большасць з іх пакінула краіну. Польшча – галоўны напрамак выезду беларусаў, паколькі яна стварыла адпаведныя ўмовы. Беларусы не толькі наймаюцца на працу, але таксама ствараюць новыя працоўныя месцы, плацяць падаткі, інвестуюць і выдаткоўваюць грошы, і такім чынам прычыняюцца да развіцця эканомікі. Дзякуючы гэтаму беларускія кампаніі змогуць развівацца, і, магчыма, калісьці вернуцца ў новую Беларусі. А калі яны па асабістых прычынах вырашаць застацца за мяжой, яны стануць амбасадарамі новай Беларусі.

Каб аблегчыць дзейнасць беларускага бізнесу за мяжой, Святлана Ціханоўская прапануе спрасціць працэдуру атрымання візаў, відаў на жыхарства, адкрыцця фірмаў і банкаўскіх рахункаў для беларускіх бізнесоўцаў, якія не падтрымліваюць рэжым і вайну ва Украіне. Акрамя таго, яна прапануе стварыць гарантыйны фонд у Еўрапейскім Саюзе.

У сувязі з вайной ва Украіне, беларусы за мяжой пачалі асацыявацца са злачынным рэжымам Лукашэнкі, які стаў паплечнікам расійскага агрэсара і акупанта. Беларусы сутыкаюцца нават з выпадкамі дыскрымінацыі, нярэдка яны маюць цяжкасці ўжо на самым пачатку свайго шляху на захад – з магчымасцю адкрыць візу. Беларускія прадпрымальнікі распавялі падчас форуму пра канкрэтныя цяжкасці, з якімі яны сутыкнуліся ў Польшчы. Напрыклад, прадпрымальніца ў галіне адукацыйных праектаў Аксана Букіна звярнула ўвагу на высокія кошты арэнды памяшканняў, у сваю чаргу былы ўладальнік сеткі веганскіх рэстаранаў MonkeyFood Аляксандр Валодзін згадаў пра цяжкасці з адкрыццём рахунку ў польскім банку, але гэтую праблему можна пераадолець.

Паводле ацэнак эканамічнай каманды Ціханоўскай і Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА), з сакавіку 2021 года ў Беларусі зніклі 9353 суб’екты малога і сярэдняга бізнесу.

слухайце рэпартаж у далучаным гукавым файле аўдыё

нг