Беларуская Служба

Польшча пачынае будаўніцтва АЭС

03.11.2022 15:33
У краіне паўстануць тры атамныя электрастанцыі. Будаўніцтва пачнецца праз 4 гады, а першы рэактар планіруюць запусціць у 2033 годзе.
Аўдыё
  • У Польшчы будуць будаваць АЭС у супрацы з Карэяй ды ЗША
Ілюстрацыйны здымакPAP/Leszek Szymański

Польскі ўрад прыняў пастанову аб будаўніцтве першай АЭС у краіне. Станцыя будзе пабудавана ў Паморскім ваяводстве, у Любятаў-Капаліне, у супрацоўніцтве з амерыканскай кампаніяй Westinghouse.

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што ўрад гатовы пачаць яшчэ два праекты пабудовы АЭС у Польшчы.

Апроч атамнай электрастанцыі на пляцоўцы Любятава-Капаліна, плануецца пабудаваць другі аб’ект у Вялікапольскім ваяводстве ў Пэнтнаве, тут будзе працаваць паўднёвакарэйская кампанія. У панядзелак у Сеуле быў падпісаны ліст аб намерах.

Як паведаміў прэм'ер-міністр на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння ўрада, трэцяя электрастанцыя будзе пабудавана ў цэнтральнай Польшчы:

- Дакладнае месца будзе выбранае ў бліжэйшыя месяцы, кварталы. Мы бачым месца для 3 вялікіх праектаў традыцыйнай ядзернай тэхналогіі. СМР – гэта тэхналогія, якая толькі праходзіць сертыфікацыю.

Дзяржасакратар ЗША Энтані Блінкен выказаў задавальненне з польскага выбару.

- Супраца з Польшчай у галіне энергетыкі ёсць доказам глыбокіх стратэгічных адносін.

Намеснік міністра клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы Ірэнэўш Жыска сказаў, што абраная тэхналогія пабудовы рэактараў AP1000, як адну з самых сучасных у свеце. У эфіры Польскага радыё 24 палітык заявіў, што гэта забяспечыць Польшчу таннай і бяспечнай энергіяй. У Ірэнуэша Жышкі таксама запыталіся, чаму ўрад не вырашыў пабудаваць рэактар чацвёртага пакалення:.

- Тэхналогія чацвёртага пакалення яшчэ знаходзіцца на этапе выпрабаванняў, яна яшчэ не камерцыялізаваная. Ідзецца пра стварэнне рынку, падрыхтоўкі кампетэнтных кадраў, стварэнне лагістычных ланцугоў паставак. Гэта не проста, што паставілі рэактар і ён працуе. Мусіць быць цэлая індустрыя звязаная з будаўніцтвам і потым функцыянаваннем такой станцыі. Адсюль патрэба ўзяць правераную ды бяспечную тэхналогію - найлепшую.


Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі паведаміў, што кошт першага атамнага праекту прагназуецца на блізу 20 мільярдаў долараў, гэта значыць прыкладна 90-100 мільярдаў злотых.

Першую электрастанцыю з трыма рэактарамі плануецца пабудаваць на поўначы краіны. Ірэнэўш Жыска сказаў, што ўрад абраў пастаўшчыка тэхналогій для ядзерных рэактараў у адпаведнасці з дзеючымі правіламі.

- У тэндары, які абвясціў урад узялі ўдзел тры выканаўцы з Карэі, ЗША ды Францыі. Доўгі час мы вывучалі прапановы, у першую чаргу з пункту гледжання эфектыўнасці ды бяспекі. Мы выбралі тэхналогію амерыканскай фірмы з-за самых сучасных рэактараў АР-1000.


У сваю чаргу намеснік міністра развіцця і ​​тэхналогій Ольга Семянюк заявіла, што бяспека і ў першую чаргу час былі фактарамі, якія паўплывалі на выбар амерыканскіх і карэйскіх кампаній, каб будаваць АЭС у Польшчы. У эфіры Польскага радыё віцэ-міністар Семянюк падкрэсліла, што краіна павінна як мага хутчэй стаць незалежнай ад расійскага паліва.

- Гэтым тлумачыцца выбар на карысць супрацоўніцтва з вялікімі фірмамі ды магутнымі краінамі, як ЗША ды Карэя. Заўсёды трэба разумець, што бяспека ня мае цаны. Нягледзячы на кошт, мы мусім як мага хутчэй скончыць будаўніцтва. Адсюль выбар краін і фірм, якія ў стане прыспешыць рэалізацыю.

Віцэ-прэм’ер, міністр дзяржаўнай маёмасці Яцэк Сасін заявіў, што будаўніцтва АЭС з'яўляецца пытаннем незалежнасці Польшчы.

- Сёння ў Еўропу завітаў вялізарны, нечаканы энергетычны крызіс. У звязку з гэтым адбываецца вяртанне да атамнай энергіі. Краіны, што раней адмаўляліся ад атама, вяртаюцца цяпер да яго. У тым ліку Нямеччына. Няма суверэннай дзяржавы без энергетычнай бяспекі. Польшча можа стаць залежнай ад паставак энергіі звонку. Мы хочам гэтага пазбегнуць.

Польскі ўрад прыняў пастанову аб будаўніцтве першай АЭС у краіне. Усяго Польшча хоча пабудаваць тры АЭС. Кошт інвестыцыі ацэньваецца прыкладна на 20 мільярдаў долараў.

Юры Ліхтаровіч