Беларуская Служба

Віцэ-міністр сельскай гаспадаркі: Біяпаліва павінна стаць асновай энергетычнай трансфармацыі

11.11.2022 11:00
Пабудова станцыі, якая спальвае біямасу і атрымлівае цяпло, значна таннейшая, чым перавод звычайнай ТЭЦ з вугалю на газ.
 -
Салома - добрае біяпалівафота: Pixabay.com/SteenJepsen

У тыднёвым выданні Do Rzeczy вялікае інтэрв’ю з віцэ-міністрам сельскай гаспадаркі Янушам Кавальскім. На ягоную думку, біямаса павінна стаць асноўным палівам энергетычнай трансфармацыі ў Польшчы. Кавальскі адзначае, што перад сотнямі электрастанцый стаіць сёння выбар – ці далей карыстацца вугалем, ці перайсці на газ. Адказам на гэтую дылему можа стаць біямаса. Усе аграрныя біялагічныя адпадкі ў Германіі ці Даніі выкарыстоўваюць у энергетыцы. У Польшчы не было зацікаўлення біямасай, хаця на самой справе яна з’яўляецца трэцім у чарговасці аднаўляльным палівам у ЕС.

Пабудова станцыі, якая спальвае біямасу і атрымлівае цяпло, значна таннейшая, чым перавод звычайнай ТЭЦ з вугалю на газ. Газ у Польшчу паступае з-за мяжы, а біямаса – гэта пабочны прадукт мясцовай аграрнай прамысловасці. Раздробленая энергетыка самая эфектыўная тады, калі паліва падвозяць з невялікай адлегласці. Напрыклад, гарады Бжэг і Санак выкарыстоўваюць біямасу з блізкіх лясоў, а Грудзёндз вырашыў выкарыстоўваць салому ад мясцовых фермераў.

Інвестыцыі ў вятракі або фотавальтаіку прыносяць даход перш за ўсё вялікім, пераважна замежным канцэрнам, а электрастанцыі на біямасу дазваляюць карыстацца мясцовай і таннай сыравінай. Гэта таксама выгада для польскай прамысловасці, у прыватнасці, фірмаў, якія вырабляюць катлы для малых электрастанцый. Януш Кавальскі адзначае, што біямаса з’яўляецца палівам, якое на самой справе дыскрымінуецца ў параўнанні з ветравой або сонечнай энергіяй. На жаль, пакуль што ў Польшчы няма моды, як у Германіі або Даніі, на выкарыстанне адпадкаў дзеля вырабу электраэнергіі. І дадае, што хацеў бы стварыць сістэму фінансавай дапамогі фермерам, якія займаюцца гадоўляй раслін, што выкарыстоўваюцца на энергетычныя мэты.

Па словах віцэ-міністра, устаноўкі, якія выкарыстоўваюць ветравую і сонечную энергію, значна менш эфектыўныя, чым устаноўкі на біямасу. Вятракі і фотавальтаіка не даюць такіх даходаў фермераў і не прыносяць такой карысці грамадству. Гэта будаўніцтва суверэннай сістэмы энергетыкі, асабліва цеплаэнергетыкі. Гэта праграма таннага цяпла, а таксама энергіі для мільёнаў палякаў. Нас пераконваюць, што ветравая энергія – самая танная, але гэта няпраўда, – кажа віцэ-міністр сельскай гаспадаркі Януш Кавальскі.

нг