Беларуская Служба

Нядрэнныя заробкі, доступ да медыцыны, нізкае беспрацоўе – Цэнтр новых ідэй назваў найлепшыя для жыцця гарады Беларусі

16.02.2023 13:38
Сёння амаль 80 працэнтаў насельніцтва Беларусі пражывае ў гарадах.  Цэнтр новых ідэй у новай версіі Рэйтынга беларускіх гарадоў паспрабаваў вызначыць тыя месцы, дзе лепш жыць.
 ,   ,            .
Нядрэнныя заробкі, доступ да медыцыны, нізкае беспрацоўе – Цэнтр новых ідэй назваў найлепшыя для жыцця гарады Беларусі.Фота: newbelarus.vision

Значная частка беларусаў жыве ў невялікіх гарадах у рэгіёнах. Доўгія гады ўлады Беларусі заяўлялі пра  неабходнасць развіваць рэгіёны, аднак у большасці выпадкаў прыкметных «прарываў» не адбылося. У апошнія два гады да праблемы неразвітасці рэгіянальных гарадоў дабавілася эпідэмія каранавіруса і палітычны крызіс, эканамічныя цяжкасці і адток кадраў. І калі ў 2020 годзе гэтыя падзеі толькі адбываліся, то ў 2021 годзе стали бачныя іх першыя наступствы, няхай і ў кароткатэрміновай перспектыве, адзначаюць даследчыкі Цэнтра новых ідэй.

Цэнтр новых ідэй у даследаванні вылучыў некалькі вымярэнняў: дэмаграфічную ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця і грамадска-палітычныя практыкі.

Па іх і адбывалася параўнанне. Выклікам стаў збор дадзеных – многія з іх зараз не публікуюцца (як, напрыклад, дадзеныя аб натуральным прыросце насельніцтва, каб схаваць, верагодна, узровень смяротнасці ад квіды), а для большасці паказчыкаў самыя свежыя статыстычныя дадзеныя даступныя за 2021.

Мінск, Гродна і Брэст у вышэйшай лізе беларускіх гарадоў

Традыцыйна самыя высокія балы атрымалі Мінск, Гродна і Брэст. У гэтых гарадоў добрыя дэмаграфічныя паказчыкі, яны сярод лідараў па колькасці дактароў і абітурыентаў. У гэтых гарадах добры ўзровень заробкаў і нізкае беспрацоўе. Хоць турыстычная прывабнасць і была выключаная з рэйтынгу, тым не менш Гродна і Брэст дзякуючы блізкасці да мяжы і бязвізу могуць разлічваць на некаторую колькасць турыстаў-«чаўнакоў», якія прыязджаюць з-за мяжы дзеля кароткага адпачынку і па танныя тавары.

Сталіцу атачаюць «дынамічныя спадарожнікі»: Смалявічы і Дзяржынск.

Гэтыя раённыя цэнтры прыцягваюць вялікія інвестыцыі ў мясцовую эканоміку, а па ўзроўні заробкаў абганяюць усе абласныя цэнтры. Усё гэта прыцягвае маладое насельніцтва, хаця па якасці жыцця гэтым гарадам далёка да лідараў.

Абласныя аўтсайдэры і паспяховыя монагарады

Сярод адсталых абласных цэнтраў у рэйтынг традыцыйна патрапілі ўсходнія гарады: Гомель, Віцебск і Магілёў. У гэтых гарадах адносна нізкі прырост насельніцтва, існуюць праблемы з заробкамі і выкананнем бюджэтаў. Узровень інвестыцый на аднаго чалавека часта не перавышае паказчыкі невялікіх раённых цэнтраў. І хоць эканамічна гэтыя гарады і не самыя прывабныя, тым не менш адносна астатняй Беларусі яны захоўваюць высокі ўзровень жыцця дзякуючы вялікай колькасці дактароў, студэнтаў і ўмеранай злачыннасці.

Шэраг раённых цэнтраў складае паспяховую групу «прамысловых монагарадоў».
У іх размешчаны буйныя прамысловыя прадпрыемствы: НПЗ у Мазыры і Наваполацку, «Беларуськалій» у Салігорску, БелАЗ у Жодзіне і БМЗ у Жлобіне. Гэтыя гарады могуць пахваліцца дастаткова высокім узроўнем зарплат, высокім узроўнем інвестыцый і адносна нізкай доляй людзей старэйшых за пенсійны ўзрост.

«Залатая сярэдзіна» – гэта невялікія гарады на захадзе краіны. Ліда, Кобрын, Слонім, Смаргонь, Івацэвічы, Пінск знаходзяцца ў сярэдзіне рэйтынгу і абганяюць падобныя гарады на ўсходзе краіны. У крыху менш паспяховую «залатую сярэдзіну» трапілі Маладзечна, Полацк, Слуцк, Ваўкавыск, Бяроза, Навагрудак, Вілейка, Лунінец і Мар'іна Горка. Нядрэнныя заробкі, адносна добрая наяўнасць лекараў, беспрацоўе – не тое каб жудасная, ды і злачыннасць не вельмі высокая. Але пры гэтым нічога асаблівага.

Пры гэтым у асобную падгрупу вылучаюцца прадстаўнікі «паміраючай прамысловасці»: Бабруйск, Баранавічы і Барысаў. Для гэтых гарадоў характэрны даволі высокі паказчык заработнай платы, аднак па ўсіх іншых паказчыках гэтыя населеныя пункты проста сыходзяць на дно – тут вельмі мала лекараў і высокі ўзровень злачыннасці.

У катэгорыю «ўсходу, які вяне» трапілі раённыя цэнтры на ўсходзе Беларусі: Орша, Рэчыца, Светлагорск, Калінкавічы, Рагачоў, Горкі, Асіповічы, Крычаў.

Турысты і заходняя мяжа – драйверы, якіх не стала

У мінулым годзе мы назвалі тры асноўныя драйверы росту гарадоў: блізкасць да сталіцы, турыстычная прывабнасць і блізкасць да заходняй мяжы.

Цяпер ад апошніх двух мала што засталося – пасля каронавіруса і рэпрэсій, па выніках 2021 года, паток турыстаў упаў у шэсць разоў, а колькасць турыстаў там з ЕС амаль у 10 разоў. Вайна з Украінай яшчэ больш пагоршыла сітуацыю – турыстам да Беларусі складана дабрацца, а замежныя сэрвісы арэнды жылля тут проста не працуюць. Нейкі час сектар будзе трымацца на турыстах з Расіі, але ў сярэднетэрміновай перспектыве роля гэтага драйверу будзе ісці ўніз. Гарадам на захадзе краіны, якія атрымлівалі дадатковы рост ад блізкасці да ЕС, зараз стане цяжэй. Бязвіз, які вярнуўся, верагодна, павялічыць паток тых, хто едзе з Польшчы і Літвы, але наўрад ці гэта будуць турысты ў традыцыйным разуменні.

Маўчаць дома: пратэстныя гарады «нармалізаваны»

Каб ацаніць палітычную актыўнасць, даследчыкі параўналі дадзеныя платформы «Голас» па ўдзеле гараджан у выбарах 2020 года для рэйтынгу мінулага года і па ўдзеле ў кампаніі па рэферэндуме для рэйтынгу 2022 года.

Чакана, карціна ашаламляльна адрозніваецца: актыўнасць гараджан упала ў дзесяць разоў. Сярод найбольш актыўных гарадоў застаецца Мінск і суседнія яму гарады (Дзяржынск, Смалявічы, Маладзечна, Марʼіна Горка, Жодзіна). «Свабодны горад» Гродна і Брэст наадварот выпалі з дзясяткі.

Рэпрэсіі і палітычныя прызначэнні ў пратэстных гарадах задушылі не толькі вулічны пратэст, але ў тым ліку і анлайн-актыўнасць.

– 2021 год стаў па стунасці годам разбурэння розных гарызантальных сувязяў. Мы прыходзім да таго, што ў тэорыі сацыяльнага капіталу называецца «кухоннай культурай». То бок давяраеш толькі таму, з кім сядзіш за агульным сталом, – гаворыць Аляксандр Аўтушка-Сікорскі.

вх