Беларуская Служба

Прадпрымальнікаў з Падляшша чакае банкруцтва пасля рашэння ўраду аб закрыцці мяжы з Беларуссю

22.03.2023 14:19
«У мяне гандлёвы абарот складаў некалькі дзясяткаў тысяч за дзень, цяпер ёсць дні, калі няма ні аднаго злотага», – скардзіцца ўладальніца прадуктовай крамы ў Баброўніках.
Вёска БаброўнікіAutorstwa Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=68800213

9 лютага Польшча закрыла памежны пераход у Баброўніках. Хутка крамы, рэстараны, гасцініцы, валютныя кіёскі на мяжы і на шляху да мяжы апусцелі. Польскі бок перакрыў мяжу ў адказ на несправядлівы прысуд прадстаўніку польскай меншасці ў Беларусі Анджэю Пачобуту. Рашэнне балюча закранула прадпрыемствы, якія жылі з руху на мяжы, піша Rzeczpospolita.

 Наступствы закрыцця пераходу закранаюць прадпрымальнікаў не толькі на мяжы, напрыклад, аптовы склад прадуктаў прадае на 90% менш тавараў.

- Пацярпелыя ў выніку дзеяння дзяржавы маюць права чакаць кампенсацыі, – адзначае юрыст Войцех Сроцкі.

Газета Rzeczpospolita змяшчае каментар у звязку з гэтай сітуацыяй.

Марэк Кабылянскі піша, што ўрад, прымаючы пэўныя дзеянні забывае, што яны могуць біць па прадпрымальніках. І гэтак адбылося пасля закрыцця пераходу на мяжы з Беларуссю.

Журналіст піша: «Навошта выдаваць грошы на падтрымку невялікай групы прадпрымальнікаў, калі гэта не дасць вялікага палітычнага выніку? Патэнцыйная група пацярпелых выбаршчыкаў не настолькі вялікая, каб надаваць ёй увагу».

Кабылянскі падкрэслівае, што польскія прадпрымальнікі чакаюць, што ўрад будзе пра іх клапаціцца і аказваць падтрымку не толькі тады, калі атрымае вялікі рэзананс у СМІ, так як гэта было з даплатамі ў рамках гэтак званых «антыковідных шчытоў».

яс