Беларуская Служба

Без уласных фармацэўтычных заводаў мы прайграем кожную вайну - польскія эксперты

30.06.2025 17:31
Эксперты б'юць трывогу, Еўропа павінна стаць незалежнай ад паставак з Кітая і Індыі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Steve Buissinne/pixabay.com/CC0 Public Domain

Дзяржава павінна інвеставаць у вытворчасць актыўных інгрэдыентаў лекаў. Без гэтага мы можам лёгка стаць ахвярай гібрыднай вайны, гаворыцца ў дакладзе «Фармацэўтычная бяспека Польшчы ў кантэксце ваеннай бяспекі Польшчы і Еўропы», падрыхтаваным Галоўнай гандлёвай школай у Варшаве і Міністэрствам нацыянальнай абароны, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

«Тыдня вайны ва Украіне хапіла, каб пачаліся праблемы з доступам да асноўных лекаў для хранічна хворых людзей – тых, хто пакутуе ад захворванняў кровазвароту, анкалагічных або метабалічных захворванняў. Запыты на лекі, неабходныя на фронце, таксама зʼявіліся амаль адразу. Таму мы павінны падрыхтавацца да пагрозы даступнасці лекаў для патрэб насельніцтва, для патрэб арміі і ў выпадку масавай падзеі, напрыклад, выбуху», – кажа ў размове з выданнем суаўтар даследавання прафесар Моніка Раўлінайтыс-Гжыбек з Галоўнай гандлёвай школы ў Варшаве.

Аўтары дакладу сцвярджаюць, што ключом да таго, каб Еўропа стала незалежнай ад паставак з іншых кантынентаў, зʼяўляецца будаўніцтва ўласных заводаў для вытворчасці актыўных фармацэўтычных інгрэдыентаў.

Спасылаючыся на справаздачу, газета адзначае, што «ў цяперашні час 60-70 працэнтаў з 565 згаданых інгрэдыентаў, якія вырабляюцца ва ўсім свеце, гэта рэчывы, якія вырабляюцца ў Кітаі і Індыі.

93 з іх наогул не даступныя ў Еўропе, а 78 ніколі не былі даступныя ў Еўропе.

У сваю чаргу, доля азіяцкіх вытворцаў у выпадку 270 актыўных інгрэдыентаў (з усіх 365, якія вырабляюцца як у Азіі, так і ў Еўропе), перавышае 40 працэнтаў, а агульная колькасць вытворцаў такіх рэчываў у Азіі амаль удвая вышэйшая, чым у Еўропе.

аз