Міжнароднае супрацоўніцтва, развіццё інфраструктуры і транспартных маршрутаў, а таксама пытанні паліва і энергетыкі сталі асноўнымі тэмамі канферэнцыі Petroleum & LPG Ukraine 2025 у Кіеве, генеральным партнёрам якой зноў выступіла польскі дзяржаўны нафтагазавы канцэрн Orlen, — чытаем на партале energetyka24.com.
Польскі энергетычны канцэрн пашырае сваю прысутнасць ва Украіне, пастаўляючы на мясцовы рынак паліва, асфальты, змазачныя матэрыялы і прадукты нафтаперапрацоўкі, а таксама забяспечваючы пастаўкі звадкаванага газу з ЗША. Удзел у канферэнцыі падкрэслівае стратэгічнае значэнне ўкраінскага рынку для польскай групы Orlen і яе ролю ў гарантаванні энергетычнай бяспекі ўсёй Усходняй Еўропы.
Petroleum & LPG Ukraine — адна з галоўных дыскусійных пляцовак у сферы паліўнага сектара краіны. У адказ на выклікі, звязаныя з расійскай агрэсіяй, у 2022 годзе ў Варшаве адбылося спецыяльнае мерапрыемства Fuel for Ukraine, а ў 2023-м форум вярнуўся ў Кіеў. Чарговая сустрэча летам 2025 года прайшла ў польскай сталіцы, і Orlen быў яе ключавым партнёрам.
Кампанія Orlen прысутнічае на ўкраінскім рынку больш за два дзесяцігоддзі. Ужо праз два дні пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання польскі гігант аднавіў пастаўкі паліва па чыгунцы. Далейшыя рэгулярныя пастаўкі бензіну і дызеля дазволілі стабілізаваць украінскі рынак: цяпер Orlen забяспечвае каля 20% патрэбаў Украіны ў паліве. Канцэрн таксама пастаўляе асфальты і супрацоўнічае з Ukrnafta.
Дзейнасць Orlen — гэта не толькі бізнес. Кампанія бясплатна перадала сотні тысяч літраў паліва ўкраінскім ратавальным службам, лякарням і гуманітарным арганізацыям.
У 2025 годзе Orlen і Нафтагаз падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве, у межах якіх ва Украіну ўжо пастаўлена каля 600 млн м³ ЗПГ з ЗША, а ў першым квартале 2026 года чакаецца яшчэ 300 млн м³.
Партнёрства ў энергетыцы паміж Польшчай і Украінай працягвае пашырацца, ператвараючыся ў рэальныя сумесныя праекты і падтрымліваючы эканамічны рост абедзвюх краін.
эж