Беларуская Служба

Беларусі патрэбна стаўка на адукацыю, навуку ды тэхналогіі

09.12.2025 14:05
Краіна зможа развівацца толькі дзякуючы эканоміцы ведаў, перакананыя прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі
Аўдыё
  • У Варшаве прэзэнтавалі стратэгію эканамічнага развіцця Беларусі
Ілюстрацыйны здымакPolskie Radio dla Zagranicy/Y.Likhtarovich

9 снежня ў Варшаве адбылася прэзэнтацыя стратэгічнага бачання развіцця эканомікі Беларусі ў перыяд дэмакратызацыі і пасттранзітнага аднаўлення. З дакументам пазнаёміла прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аліса Рыжычэнка.

На думку эксперткі ў сачаснай Беларусі, дзе ўладу ўзрпаваў Лукашэнка няма будучыні. Дзейсны рэжым можа зябяспечыць толькі шлях дэградацыі.

— Беларусь знаходзіцца на ростанях. Адзін шлях у нас вядзе, скажам так, да статус-кво, гэта значыць, што калі ў эканоміцы застанецца ўсё як і раней пры рэжыме Лукашэнкі, тады мы будзем мець краіну са састарэлай эканомікай, з сурʼёзным тэхналагічным адставаннем, будзем мець вялізны адток кадраў. Усё гэта будзе ператвараць Беларусь у перыферыю, непрыцягальную ані для інвестыцый, ані для людзей, у краіну з адсутнасцю будучыні. Другі шлях – гэта кардынальная эканамічная трансфармацыя нашай краіны, якая зменіць напрамак руху эканамічнага развіцця.

У якасці альтэрнатывы лукашэнкаўскаму застою, Аб’яднаны Пераходны Кабінет прапануе пакет рэформаў, якія змогуць зрабіць Беларусь – краінай інавацый ды ўстойлівага росту. Дзеля гэтага трэба засяродзіцца на адукацыі, навуцы ды тэхналогіях, пераконвала Аліса Рыжычэнка.

— Размова ідзе пра сучасную эканоміку, якая грунтуецца на ведах, інавацыйнасці і тэхналогіях. Гэта прадугледжвае вяртанне талентаў у краіну: вучоных, настаўнікаў, айцішнікаў. Такая стратэгія дазваляе ператварыць Беларусь у тэхналагічны хаб і павялічыць ВУП на душу насельніцтва практычна ў тры разы. Стратэгія мае на ўвазе – абапірацца на адукацыю, навуку і тэхналогіі. Чаму менавіта гэтыя галіны, чаму не прамысловасць, чаму не сельская гаспадарка, не якая-небудзь інфраструктура? Адказ абсалютна просты, таму што Беларусь зʼяўляецца краінай, якая не мае прыродных рэсурсаў. У сучасным 21 стагоддзі такія краіны, як Беларусь, могуць развівацца толькі дзякуючы эканоміцы ведаў, якія якраз пабудаваны на рэформе адукацыі і навукі. Тут вельмі просты цыкл: адукацыя рыхтуе спецыялістаў, інжынераў, вучоных, праграмістаў, гэтыя высокакваліфікаваныя кадры працуюць у навуковых цэнтрах, лабараторыях, дзе ствараюцца інавацыі і тэхналогіі. Гэтыя тэхналогіі і інавацыі ператвараюцца потым у тэхналагічныя кампаніі, стартапы і высокатэхналагічныя вытворчасці, якія і даюць рост ВУП у краіне.

У сваіх разліках аўтары стратэгіі абапіраліся на прыклады такіх краін, як Эстонія, Ізраіль, Сінгапур. Прапанавы пакет рэформаў і вобраз эканамічнай будучыні Беларусі выглядае прыцягальным. Аднак, ён пакуль толькі на паперы. Наколькі гэтае бачанне актуальна ў дадзеных умовах, калі ў Беларусі пануе рэпрэсіўны рэжым? Пра гэта мы запыталіся ў прысутнага на прэзентацыі эканаміста Паўла Данэйкі.

— Лукашэнка цяпер можа прапанаваць людзям толькі адно: сёння ў нас няма вайны. А што будзе заўтра? Грамадства, якое не думае аб тым, што будзе заўтра, можа жыць у джунглях Амазонкі, бо там няма будучыні, там увесь час ідзе паўтор. Таму патрэбная дыскусія пра будучыню Беларусі. Аліса прапануе вельмі выразную, яскравую карціну магчымага будучага развіцця Беларусі. Давайце яе абмяркуем. Няхай Лукашэнка скажа, што ў яго іншыя ідэі. Мы хочам пачуць. Можа, у яго ёсць нейкія ідэі пра будучыню, але, мяркуючы па ўсім, няма.

Што перашкаджае рэжыму Лукашэнкі выкарыстаць напрацоўкі Аб’яднанага кабінета?

— Што замінае? Любоў да ўлады. Бо змены трэба рабіць з народам, дзеля гэтага трэба быць адчыненай краінай, патрэбныя дэмакратычныя інстытуты. Тое, пра што гаворыць Алеся, вельмі важна. Гэта развіццё краіны, бачанне развіцця краіны на 10-15 гадоў. Дагэтуль мы ўвесь час канцэнтраваліся на тым, каб хутка зрабіць прыватызацыю ды ўсё. Цяпер жа нам трэба агульнанацыянальнае бачанне нашай будучыні, і нармальны дыялог у грамадстве аб пошуку рашэнняў, як дасягнуць да тых мэт, якія мы ўзгаднілі паміж сабой. У нас павінна быць агульнанацыянальнае бачанне нашай будучыні. А ўжо як да яго дайсці, гэта працэс дыялогу. Мы ў 20-м годзе былі на парозе магчымай вельмі высокай дынамікі. Але далей пачаліся падзеі. Дарэчы, 20-ты год не выпадкова атрымаўся. Спробы далейшай дэмакратызацыі, эканамічнага працэсу былі замарожаныя, пачалі тармазіцца яшчэ з 17-га года. Не ўдавалася праводзіць аніякіх рашэнняў, хаця шанцы былі. Але рускія так сканструявалі 2020-ы год, выціснулі з 2020-га года максімум, каб Лукашэнку прыціснуць. Таму зараз будучыні гэтая сістэма прапанаваць не можа. Таму што будучыня гэта адыход яго ад улады.

Беларусь можа развівацца толькі дзякуючы эканоміцы ведаў, якая можа пабудаваць пасля рэформы адукацыі і навукі. Такое бачанне развіцця эканомікі Беларусі прадставілі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі ў Варшаве.

Юры Ліхтаровіч