Беларуская Служба

Палякі ўсё часцей на Каляды выязджаюць з дому

23.12.2025 09:12
Назіраецца рост гэтай з'явы на 20-25% у параўнанні з мінулым годам.
Аўдыё
  • На навагодні перыяд курорты рыхтуюць спецыяльную прапанову; Амаль палова прадмрыемстваў зрабілі працаўнікам святочныя падарункі
Калядны столShutterstock

Сярод паездак за мяжу ў навагодні перыяд пераважаюць паездкі ў Італію, у тым ліку лыжныя туры. Новым любімым зімовым месцам для зімовага адпачынку палякаў стала Балгарыя.

У польскіх турагенцтвах туры ў некаторыя краіны цалкам распрадаліся, цяпер ужо цяжка знайсці цікавыя прапановы па добрых коштах. Пра гэта распавядае эксперт па турызме Марэк Камінскі.

— Паездку за мяжу можна было купіць прыкладна за 2,5-3 тысячы злотых (580-700 еўра). Гэта кошт для аднаго чалавека, усё ўключана, з пералётамі, пражываннем і страхоўкай. Папулярныя таксама Дамініканская Рэспубліка, Мексіка, Куба, Венесуэла, Калумбія і В'етнам — за гэтыя туры трэба заплаціць прыблізна 5600 злотых (1300 еўра) з чалавека.

Попыт на турыстычныя паездкі сведчыць аб тым, што палякі, проста, не хочуць смажыць дома традыцыйны карп, а ўсё ж хочуць правесці Раство ў святочнай атмасферы. Гасцінічная індустрыя ў Польшчы рэагуе на гэты попыт усё большай колькасцю прапаноў.

Сярэдні кошт каляднага пакета за 4 дні ў польскіх гарах у папулярным Карпачы ці Закапанэ для аднаго чалавека вагаецца ад 1200 да 1700 злотых (280 - 400 еўра) — уключана харчаванне плюс калядны вечар. Аднак, напрыклад, на польскім моры ў горадзе Калобжаг цэны ў добрых гатэлях пачынаюцца ад 700 злотых (160 еўра) з чалавека за суткі.

Сям'я з чатырох чалавек, гэта значыць двое дарослых і двое дзяцей, у добрым гатэлі, павінна падрыхтаваць 15 000-16 000 злотых (3,5 - 3,7 тысячы еўра) за адпачынак у навагодні перыяд ў Польшчы. Атрымліваецца, што паездкі за мяжу каштуюць менш.

Гатэльеры кажуць, і дадзеныя гэта пацвярджаюць, што дарагія курорты ці пенсіянаты, нягледзячы на кошт, вельмі запатрабаваныя, асабліва тыя, што арганізуюць Каляды з традыцыйнымі польскімі стравамі і спевамі калядак.

Палякі ўсё часцей выязджаюць на Каляды і Новы год разам з бабулямі і дзядулямі, тлумачыць Катажына Трусіньска, прэс-сакратар Польскай турыстычнай палаты.

— Вельмі цікава назіраць тэндэнцыю паездак на Каляды з прадстаўнікамі розных пакаленняў. Гэта ўжо не толькі тата, мама і дзеці, вельмі часта яны бяруць з сабой бабуль і дзядуль з абодвух бакоў сям'і. Палякі — вельмі свядомыя падарожнікі і шукаюць прапановы, дзе кожны можа атрымаць задавальненне. Яны шукаюць гатэлі з аніматарамі для дзяцей. Пакуль пра дзяцей клапоцяцца прафесіяналы, бацькі могуць атрымаць асалоду ад масажу, а бабулі і дзядулі падмацаваць здароўе у фізікатэрапеўта  або спакойна схадзіць на прагулку па беразе мора.

Эксперты па турызме адзначаюць таксама, што Польшча становіцца адным з самых папулярных месцаў адпачынку ў Еўропе. Сярод турыстаў пераважаюць жыхары Іспаніі, Вялікабрытаніі і Італіі.

ПР1/яс