Польскі нафтагазавы канцэрн Orlen пачаў распрацоўку газавага радовішча Ружаньска, размешчанага ў Заходнепаморскім ваяводстве. Як паведамляе партал biznesalert.pl, здабыча на гэтым участку будзе весціся на працягу бліжэйшых 20 гадоў — у перыяд, калі попыт польскай эканомікі на газ дасягне максімуму. Паводле ацэнак, запасы радовішча складаюць каля 1,2 мільярда кубаметраў газу.
Новая інвестыцыя дазволіць павялічыць гадавую здабычу газу да 130 мільёнаў кубаметраў. Гэта істотна ўзмацніць долю ўнутранай вытворчасці ў энергетычным балансе краіны. Сёння Польшча забяспечвае ўласнымі рэсурсамі каля адной пятай патрэбнага ёй прыроднага газу — прыкладна 3,5 мільярда кубаметраў у год. Да 2030 года Orlen плануе павялічыць гэты паказчык да 4 мільярдаў.
Як падкрэсліў член праўлення Orlen Вяслаў Пругар, уласная здабыча газу і нафты з’яўляецца адным з ключавых элементаў энергетычнай бяспекі краіны. Газ выкарыстоўваецца ў энергетыцы і цеплазабеспячэнні, нафта паступае на нафтаперапрацоўчыя і петрахімічныя заводы, а вадкая сера, атрыманая ў працэсе ачысткі газу, ідзе на патрэбы хімічнай прамысловасці, у тым ліку вытворчасць угнаенняў і зброі.
Здабыты газ будзе ў асноўным пастаўляцца на дзве цеплаэлектрастанцыі — у Костшыне-над-Одрай і Гожаве-Велькапольскім. У межах праекта Orlen мадэрнізаваў тры існыя здабыўныя свідравіны, пашырыў вытворчыя ўстаноўкі і пабудаваў новы трубаправод, які злучыў радовішча з адным з найбуйнейшых у краіне прадпрыемстваў — Нафтагазавае радовішча Дэмбна.
Акрамя таго, на аб’екце быў уведзены ў эксплуатацыю каагенерацыйны блок магутнасцю 8 МВт, што дазволіла цалкам пакрыць уласныя патрэбы радовішча ў электраэнергіі і цяпле, а лішкі накіроўваць на рынак. Інвестыцыі таксама стварылі ўмовы для павелічэння здабычы на суседнім радовішчы Цыхры.
эж