На польскай чыгунцы расце канкурэнцыя – чарговая чыгуначная пасажырская кампанія пашырае сваю дзейнасць у Польшчы. Чэшскі прыватны перавозчык Leo Express плануе запусціць цягнікі па маршруце Варшава-Кракаў-Прага і назад, пачынаючы з 1 сакавіка. Цягнікі будуць курсаваць двойчы на дзень у кожным напрамку. Акрамя таго, на трасе Кракаў-Прага, па якой цягнікі Leo Express ужо ходзяць, перавозчык павялічыць іх лічбу па чатырох пар у дзень.
Паводле прэс-рэлізу кампаніі, «новыя рэйсы стануць ідэальным выбарам для аднадзённых паездак з Варшавы ў Кракаў, паездак у Прагу ці Варшаву з прафесійнымі, адукацыйнымі і дзелавымі мэтамі, а таксама для турыстычных паездак – як на выходныя, так і на даўжэй».
«Пасажыры могуць разлічваць на шырокую прапанову паслуг па нізкіх цэнах», – паведаміў Leo Express.
У прыватнасці, у цягніках перавозчык абяцае бясплатны Wi-Fi і шырокае меню страваў ды напояў. Прычым кейтэрынг будзе падавацца да пасажырскага месца. Нечым новым стане прэміум-клас па прынцыпу «ўсё ўключана» з цалкам адкіднымі сядзеннямі, якія могуць служыць спальным месцам.
У мінулым годзе па маршруце Кракаў-Прага Leo Express перавёз больш за 50 тыс. пасажыраў. Гэта на 152% больш у параўнанні з 2024 годам.
Leo Express працуе ў Чэхіі, Славакіі і Польшчы. У мінулым годзе кампанія перавезла 4 млн 500 тыс. пасажыраў, што на 19% больш у параўнанні з 2024 годам.
Летам Leo Express плануе запусціць далейшыя міжнародныя рэйсы ў Польшчу і з Польшчы па маршруце Пшэмысль – Жэшаў – Кракаў – Катавіцы – Астрава – Аламоўц – Прага – Дрэздэн – Лейпцыг – Эрфурт – аэрапорт Франкфурта-на-Майне. «Гэта будзе новае еўрапейскае чыгуначнае злучэнне, якое аб'яднае шэраг важных еўрапейскіх гарадоў», – запэўнівае перавозчык.
У верасні на польскі рынак увайшла іншая чэшская прыватная чыгуначная кампанія RegioJet. Пасля яе старту ў Польшчы цэны білетаў на трасах, дзе з’явілася канкурэнцыя, пачалі падаць.
вс