Польскі нафтагазавы канцэрн Orlen Upstream Norway набыў 25% долі ў ліцэнзіі PL293 у Паўночным моры ў кампаніі Vår Energi. Здзелка адкрывае доступ да неканвенцыйнага радовішча «Афрадыта», якое можа прынесці Польшчы да 2 млрд кубаметраў прыроднага газу, чытаем на партале biznesalert.pl.
Радовішча размешчана на Нарвежскім кантынентальным шэльфе і было адкрыта яшчэ ў 2008 годзе. Аднак складаная геалогія — нізкая пранікальнасць пароды ў спалучэнні з высокімі ціскам і тэмпературай — доўгі час стрымлівала распрацоўку. Цяпер партнёры па ліцэнзіі плануюць разведачнае бурэнне, каб удакладніць запасы і ацаніць камерцыйную мэтазгоднасць праекта.
Паводле актуальных ацэнак, агульныя рэсурсы «Афрадыты» складаюць каля 7,5 млрд кубаметраў газу, з якіх прыкладна 1,9 млрд прыйдзецца на долю Orlen. Магчымая здабыча будзе весціся з выкарыстаннем інфраструктуры радовішча Kvitebjørn, што дазволіць знізіць выдаткі.
У польскай кампаніі падкрэсліваюць, што неканвенцыйныя запасы Нарвежскага шэльфу — гэта значны, пакуль не цалкам выкарыстаны патэнцыял. «Афрадыта» павінна стаць выпрабавальнай пляцоўкай для ўдасканалення тэхналогій здабычы ў складаных умовах. У выпадку поспеху праект можа ўзмацніць энергетычную бяспеку Польшчы і павялічыць аб’ёмы паставак газу на нацыянальны рынак.
эж