Нягледзячы на ўпэўнены эканамічны рост, польскі рынак працы дэманструе прыкметы астуджэння, — паведамляе выданне Puls Biznesu. Паводле яго, з першага квартала 2024 года колькасць вакансій на 50 найбуйнейшых рэкрутынгавых парталах скарацілася на 12,3%. За той жа перыяд рэальны ВУП Польшчы вырас на 6,7%, і краіна застаецца адной з самых дынамічных эканомік Еўрасаюза.
Паводле звестак Grant Thornton, у студзені 2026 года колькасць прапаноў працы зменшылася на 8% у гадавым выражэнні. Калі ў 2023–2024 гадах спад закранаў пераважна офісныя пазіцыі, цяпер ён ахапіў і фізічную працу. У разліку на трохмесячную сярэднюю ў студзені колькасць вакансій у рабочых прафесіях скарацілася на 15%, у офісных — на 6%. Менш аб’яў з’яўляецца практычна ва ўсіх сферах — ад фінансавых дырэктараў і аналітыкаў да праграмістаў, кіроўцаў і касіраў.
Аналітыкі звязваюць такую дынаміку з ростам прадукцыйнасці і аўтаматызацыяй. Кампаніі здольныя павялічваць аб’ёмы продажаў без пашырэння штату дзякуючы генератыўнаму штучнаму інтэлекту і іншым тэхналогіям. У рознічным гандлі, напрыклад, занятасць скарачаецца на фоне пашырэння кас самаабслугоўвання ў сетках Lidl і Biedronka.
Дадатковым фактарам называюць так званае «назапашванне працоўнай сілы»: у перыяд запаволення эканомікі кампаніі не скарацілі персанал, таму цяпер задавальняюць рост попыту на яго за кошт унутраных рэзерваў. Устойлівы рост попыту фіксуецца фактычна толькі ў медыцыне — перадусім на ўрачоў, што звязана са старэннем насельніцтва.
эж