SAFE — гэта новая праграма Еўрасаюза, накіраваная на фінансаванне абаронных закупак і развіццё ваеннай прамысловасці краін-членаў праз доўгатэрміновыя пазыкі на льготных умовах. Менавіта ў межах гэтай ініцыятывы Польшча плануе прыцягнуць дзясяткі мільярдаў еўра на мадэрнізацыю ўзбраення, паведамляе Pulsu Biznesu.
Працэнтная стаўка пазыкі з праграмы ЕС SAFE у першы год складзе 3,17% і будзе зменнай. Пра гэта паведаміла Міністэрства фінансаў Польшчы падчас пасяджэння сенатскіх камісій.
Сенат Польшчы разглядае закон аб стварэнні новага фінансавага інструмента ў Bank Gospodarstwa Krajowego, які дазволіць Польшчы атрымаць да 44 млрд еўра з праграмы SAFE. Аднак вакол умоў пазыкі разгарэлася вострая дыскусія. Спрэчкі выклікае як кошт абслугоўвання доўгу, так і механізм яго пагашэння. Частка сенатараў прапануе папраўку, каб пазыка не выплачвалася з бюджэту Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы.
Прадстаўнік Мінфіну Марэк Шчэрбак растлумачыў, што стаўка залежыць ад даходнасці аблігацый, якія выпускае Еўрапейская Камісія. Брусель выступае пасярэднікам і перадае краінам кошт фінансавання, абапіраючыся на высокі крэдытны рэйтынг ЕС.
Тлумачэнні не пераканалі крытыкаў закона. Сенатар ад апазіцыйнай партыі «Права і Справядлівасць» Войцех Скуркевіч назваў зменную стаўку рызыкоўнай з улікам 45-гадовага тэрміну пагашэння. У адказ намеснік міністра абароны ЦэзарыТомчык заявіў, што падобны механізм ужо выкарыстоўваўся ў Нацыянальным плане аднаўлення.
эж