Польшча можа патэнцыяльна стаць буйным сусветным экспарцёрам зброі, яе прадукцыя цікавіць не толькі еўрапейскіх саюзнікаў – паведамляе Forsal. Самая буйная абаронная кампанія Польская група ўзбраенняў (Polska Grupa Zbrojeniowa – PGZ) заявіла пра падпісанне кантракту з афрыканскай краінай. Пагадненне ахоплівае пастаўку мінамётаў і вінтовак.
Гэта чарговы кантракт польскай абароннай прамысловасці ў рэгіёне. Раней аўтаматы MSBS Grot разам з сучаснымі прыцэламі DCM-1 і LDK-4 пастаўлялі ў Руанду, дзе зброю выкарыстоўвае спецназ. Магчыма, што Руанда з'яўляецца атрымальнікам і новай партыі зброі, хоць PGZ афіцыйна гэтага не пацвердзіла.
Новы кантракт з'яўляецца часткай больш шырокай тэндэнцыі росту цікавасці да афрыканскага рынку з боку вытворцаў зброі з Еўропы і Азіі. Афрыканскія краіны мадэрнізуюць свае ўзброеныя сілы, шукаючы адносна сучаснае абсталяванне, сумяшчальнае са стандартамі НАТА, пры гэтым больш даступнае, чым прадукцыя буйных заходніх кампаній. Для PGZ гэта магчымасць пашырыць геаграфію свайго экспарту.
«Экспартны кантракт, падпісаны PGZ, пацвярджае рост даверу рынку да надзейнай зброі, праверанай у рэальных умовах эксплуатацыі. Гэта перавагі, якія маюць большае значэнне, чым карцінкі ў каталогу. Афрыканскі кліент шукаў надзейнасці, прастаты і высокай эфектыўнасці — гэта якасці, якія гадамі вызначалі нашы сістэмы ўзбраення», — сказаў Марцін Ідзік, віцэ-прэзідэнт праўлення PGZ S.A., адказны за дзейнасць па продажах у рамках групы PGZ.
нг