У Каліфорніі сышла вялікая лавіна, накрыла групу з 15 лыжнікаў. Трывожнае паведамленне пра здарэнне было адпраўлена з iPhone гіда групы. Ён выкарыстаў магчымасць спадарожнікавай аварыйнай сувязі ў сваім смартфоне. SMS дазволіў вызначыць месцазнаходжанне пацярпелых і аказаць ім дапамогу. Businessinsider піша, што варта праверыць, ці ваш смартфон мае падобную функцыю.
Магчымасць сувязі смартфонаў са спадарожнікамі кампанія Apple увяла яшчэ чатыры гады таму. Падобныя функцыі атрымалі таксама некаторыя мадэлі ад Google і многія смартфоны кітайскіх вытворцаў. Аднак функцыя не ўсюды даступная, скажам, ёй можна карыстацца толькі на тэрыторыі ЗША або Кітая.
На сёння толькі смартфоны Google дазваляюць адпраўляць аварыйныя SMS праз спадарожнік у Польшчы; паслуга бясплатная першыя два гады. У iPhone такая падпіска таксама дзейнічае два гады, але функцыя працуе толькі ў выбраных краінах — Польшчы ў гэтым спісе няма. Таму яна можа быць карыснай перадусім падчас падарожжаў.
Спадарожнікавая сувязь уключаецца, калі няма сігналу GSM або Wi-Fi, а апарат знаходзіцца на адкрытай прасторы. У гарадах яна наўрад ці спатрэбіцца, але ў горах або аддаленых месцах можа выратаваць жыццё. Сумяшчальны смартфон сам прапануе спадарожнікавае злучэнне для выкліку дапамогі.
Эксперты раяць загадзя праверыць дэманстрацыйны рэжым. У смартфонах Google ён даступны ў наладах, а ў iPhone — толькі ў краінах, дзе падтрымліваецца SOS-сувязь. Кампанія Apple таксама заяўляе, што ў выпадку аварыі і адсутнасці сувязі смартфон можа аўтаматычна адправіць сігнал SOS праз спадарожнік.
нг