Сістэма залогу за ўпакоўку ў Польшчы дзейнічае з пачатку гэтага года, і большасць спажыўцоў ужо куплялі напоі ў бутэльках са значком дэпазіту. Аднак каля 35% пакупнікоў не вяртаюць тары ў краму, каб атрымаць грошы назад – піша Rzeczpospolita.
Пасля леташняга тэставага перыяду з 1 студзеня поўнасцю запрацавала сістэма залогу ў памеры 50 грошаў за пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, а таксама за бляшанкі з напоямі. Паводле даследавання ARC Rynek i Opinia, такія напоі ўжо куплялі каля 80% апытаных.
Сярод асноўных прычын, чаму людзі не вяртаюць тары, — адсутнасць патрэбы ў вяртанні грошай або недахоп інфармацыі пра тое, дзе і як можна здаць упакоўку. Эксперты таксама адзначаюць, што для многіх спажыўцоў 50 грошаў за адну бутэльку або бляшанку — занадта малая сума, каб спецыяльна захоўваць і вяртаць ўпакоўку.
У той жа час гандлёвыя сеткі паведамляюць пра паступовы рост колькасці вяртанняў. Напрыклад, у сетцы Aldi ў лютым колькасць здадзенай тары была прыкладна на 170% большай, чым у студзені, а ў Netto — амаль у пяць разоў.
У Міністэрстве клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы разлічваюць, што ў будучыні ў сістэме будуць вяртаць да 90–95% упакоўкі. Аднак у першы год працы паказчык можа складаць менш (каля 70–80%), пакуль спажыўцы прывыкаюць да новай сістэмы.
нг