Пасля некалькіх месяцаў кансультацый Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя канчаткова адмаўляецца ад ідэі ўвядзення прынцыпу «плаціце за тое, што выкідваеце».
Ведамства адмовілася ад гэтага плана, між іншым, з-за папярэджванняў мясцовых органаў улады, якія асцерагаліся, што змены будуць стымуляваць выкіданне адходаў у лясы або рэкі, то бок узнікненне нелегальных смеццезвалак, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
— Мы адмаўляемся ад увядзення мадэлі збораў, заснаванай на колькасці адходаў, — заявіла намесніца кіраўніка Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя Аніта Савіньска.
Яна прызнае, што міністэрства памяняла сваё меркаванне з-за асцярогі магчымых негатыўных сацыяльных наступстваў. Галоўная мэта — пазбегнуць стымулявання незаконнай утылізацыі адходаў. Так магло б быць, калі б частка збору за адходы, якая ўстанаўліваецца муніцыпалітэтамі, была ўзалежненая ад вагі адходаў.
Хоць новая сістэма збораў мела быць неабавязковай, але яе рэзка раскрытыкавалі мясцовыя чыноўнікі і эксперты.
Чакаецца таксама, што пункты асобнага збору бытавых адходаў будуць працаваць больш эфектыўна.
— Муніцыпалітэты будуць абавязаны, улічваючы мясцовыя ўмовы, забяспечваць дадатковыя формы збору праблемных адходаў не радзей за адзін раз на паўгода, — падкрэслівае Аніта Савіньска ў размове з выданнем Dziennik Gazeta Prawna. Гэта тычыцца, сярод іншага, тэкстыльных адходаў і электраабсталявання.
Аднак у праекце захаваныя механізмы, якія, паводле ведамства, з'яўляюцца рацыянальнымі з пункту гледжання эканомікі сістэмы, такія як стымулы для кампаставання біялагічных адходаў.
аз