Польшча сёння задае кірунак пазітыўным зменам у Еўрапейскім саюзе, — заявіў польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск у пятніцу, 8 траўня, адразу пасля падпісання пагаднення аб еўрапейскім крэдытным фондзе для пераўзбраення. Падпісанне адбылося ў Варшаве, а Польшча стала першай краінай Еўрапейскага саюза, якая зрабіла гэта. Праграма SAFE прадугледжвае, што Польшча атрымае 44 млрд еўра на абарону ў выглядзе льготных крэдытаў. Праграма ЕС SAFE нарадзілася з ідэі польскага праекта «Усходні шчыт».
Подпісы пад дакументам SAFE паставілі польскія міністры — абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш і фінансаў Анджэй Даманьскі, а таксама еўракамісары — па абароне Андрус Кубілюс і па бюджэце Пётр Серафін.
Мяркуецца, што ўжо ў траўні Польшча атрымае авансам 6,5 млрд еўра, а ў наступныя гады сродкі будуць паступаць у форме мікрапазык.
Перамовы наконт рэалізацыі кантрактаў у межах SAFE знаходзяцца на прасунутай стадыі, звярнуў увагу Кшыштаф Яворскі з Інстытута бяспекі і міжнароднага развіцця. 8 траўня было падпісана пагадненне, якое датычыць праграмы крэдытавання Еўрасаюза для закупак вайсковай тэхнікі:
— Не было так, што з гэтымі кантрактамі чакалі да моманту падпісання. Таму ўжо ў траўні, калі пачынаецца першы этап і асобныя дзяржавы могуць рабіць заказы, гаворка хутчэй ідзе пра фіналізацыю перамоў. Было абвешчана пра падпісанне некалькіх дзясяткаў кантрактаў.
На думку адстаўнога генерала Войска Польскага Багуслава Пацэка, дзякуючы праграме SAFE Польшча можа ўвайсці ў лік ваенных лідараў Еўропы.
— Сёння на мапе Еўропы фармуецца канцэпцыя стварэння Вялікай пяцёркі або Вялікай чацвёркі, якая, магчыма, пацягне за сабой Еўропу. Вялікая пяцёрка — гэта Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Польшча і Італія. Італія цяпер магчыма адыходзіць на другі план, і мы бачым, што ў сферы вайсковай вытворчасці, сумесных крэдытаў і іншых звязаных з гэтым пытанняў застаецца Вялікая чацвёрка: Германія, Францыя, Вялікабрытанія і Польшча.
У межах еўрапейскай праграмы крэдытавання на закупкі вайсковай тэхнікі Польшча павінна атрымаць амаль 44 мдрд еўра. Краіна стала першай у ЕС, якая падпісала пагадненне па SAFE, і найбуйнейшым бенефіцыярам праграмы.
Працягваюцца перамовы з міністэрствамі абароны і фінансаў адносна выкарыстання сродкаў SAFE для сілавых ведамстваў, паведаміў намеснік кіраўніка МУС і адміністрацыі Польшчы Веслаў Шчэпаньскі. Міністэрства падрыхтавала каля 40 праектаў. Праз вета прэзідэнта Караля Наўроцкага сродкі з еўрапейскага фонду спачатку паступяць толькі ў Міністэрства нацыянальнай абароны. Веслаў Шчэпаньскі падкрэсліў, што ніводнае еўра з праграмы SAFE не будзе змарнаванае.
— У польскія сілавыя ведамствы, за выключэннем пажарнай службы, а менавіта ў паліцыю, Службу аховы дзяржавы і памежную службу, павінна было паступіць каля 1,7 млрд еўра — гэта прыкладна ад 6,7 да 7,1 млрд злотых у залежнасці ад разлікаў. Аднак гэтага не адбылося, бо цяпер гэтыя сродкі накіроўваюцца выключна ў Міністэрства нацыянальнай абароны.
Пагашэнне крэдытаў у рамках праграмы SAFE пачнецца толькі праз 10 гадоў і працягнецца да 2070 года. Фонд SAFE быў узгоднены ў рэкордна кароткія тэрміны — усяго за тры месяцы падчас польскага старшынства ў ЕС.
Кіраўнік абароннага завода «Łucznik» у Радаме запэўніў у гатоўнасці прадпрыемства выконваць кантракты ў межах праграмы SAFE. Кіраўнік фабрыкі зброі «Łucznik» Севярын Фігурскі заявіў, што прадпрыемства здольнае працаваць без перапынку.
— Мы ўмеем гэта рабіць, калі будзе такая неабходнасць. Мы гэта даказалі цягам апошніх гадоў. Мы працавалі сем дзён на тыдзень, у тры змены. У Радаме ёсць людзі, якія ўмеюць гэта рабіць, паверце мне.
Кіраўнікі польскіх абаронных кампаній таксама заяўляюць пра гатоўнасць выконваць заказы ў межах праграмы SAFE. Дзякуючы падпісанаму пагадненню да 2030 года ў польскі абаронны сектар можа паступіць амаль 190 млрд злотых. Кіраўнік Польскай групы абаронных прадпрыемстваў Адам Лешкевіч адзначыў, што кампанія гатовая да гэтага выкліку.
— Перад намі вялікі выклік. Нарэшце перамоўны этап завершаны, але мы ўжо думаем пра тое, што будзе адбывацца на нашых прадпрыемствах, у Польскай групе абаронных прадпрыемстваў і ва ўсёй польскай прамысловасці. Мы ўпэўненыя, што справімся і зробім усё, каб так і было.
Кіраўнік кампаніі «WB Electronics» Пётр Вайцяхоўскі бачыць у праграме SAFE магчымасць для прасоўвання польскіх тэхналогій.
— Маючы адпаведныя рэсурсы ў выглядзе заказаў, а таксама чалавечыя і інжынерныя кадры, мы здольныя шмат што вырабляць у Польшчы ўласнымі сіламі і развіваць гэтыя тэхналогіі. Мы не чакаем трансферу тэхналогій — мы працуем над тым, каб польскія тэхналогіі перадаваліся за мяжу, а не наадварот.
Паводле ўрада, толькі ў траўні плануецца падпісаць 40 кантрактаў, якія дазволяць выкарыстаць сродкі з еўрапейскай праграмы.
Праграма SAFE (Security Action for Europe) стала ў 2026 годзе адной з галоўных тэм палітычнага супрацьстаяння ў Польшчы. Урад Дональда Туска называе яе інструментам умацавання абароны і падтрымкі эканомікі, а апазіцыя і асяроддзе прэзідэнта Караля Наўроцкага крытыкуюць праграму, сцвярджаючы, што яна ўзмацняе залежнасць краіны ад структур Еўрасаюза. Рознагалоссі таксама выклікала прэзідэнцкае вета на закон, звязаны з SAFE, і пытанне размеркавання сродкаў фонду.
iar/pap/pr/эж