Беларуская Служба

Урад Польшчы плануе падоўжыць рэгуляванне цэн на паліва

14.05.2026 11:56
Міністэрства энергетыкі падлічыла, што праграма каштуе бюджэту каля 1,6 млрд злотых у месяц (прыкладна 384 млн еўра).
Аўтамабільнае паліваShutterstock/Studio113

Польскія ўлады разглядаюць магчымасць падоўжыць дзеянне дзяржаўнай праграмы «Ceny Paliwa Niżej» («Цана на паліва ніжэй»), якая пакуль дзейнічае да 15 траўня. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі Мілаш Матыка, паведамляе energetyka24.com.

Паводле Матыкі, Міністэрства энергетыкі выступае за працяг праграмы, бо сітуацыя на сусветным рынку нафты застаецца нестабільнай. Міністэрства фінансаў сочыць за развіццём падзей на Блізкім Усходзе пасля абвастрэння сітуацыі вакол Ірана, што і справакавала рост сусветных цэн на нафту.

Рэгуляванне цаны прадугледжвае зніжэнне ПДВ на паліва з 23% да 8%, а таксама часовую зніжку акцызы — на 29 грошаў за літр бензіну (каля 0,07 еўра) і 28 грошаў за літр дызельнага паліва (каля 0,067 еўра). Гэтыя стаўкі цяпер знаходзяцца на мінімальным узроўні, дазволеным Еўрасаюзам.

Міністэрства энергетыкі падлічыла, што праграма каштуе бюджэту каля 1,6 млрд злотых у месяц (прыкладна 384 млн еўра), але за гэты ж час польскія кіроўцы зэканомілі каля 3 млрд злотых (прыкладна 720 млн еўра).

Мілаш Матыка адзначыў, што пра паступовае згортванне падтрымкі можна будзе гаварыць толькі тады, калі кошт нафты апусціцца ніжэй за 80 долараў за барэль, а цэны на дызель у еўрапейскіх партах стабілізуюцца. Міністр таксама запэўніў, што дэфіцыту авіяцыйнага паліва ў Польшчы няма.

эж