Беларуская Служба

У Польшчы вырасце мінімальны заробак. Прафсаюзы хочуць 5 тыс. 200 злотых

29.05.2026 08:01
Урад павінен прыняць рашэнне адносна росту мінімалкі да 15 верасня.
500
500 польскіх злотыхкрыніца: Narodowy Bank Polski

Звычайна ў канцы мая, на пачатку чэрвеня ў Польшчы пачынаюцца дыскусіі аб павышэнні мінімальнай заработнай платы, паведамляе партал Money.

Непасрэдна перад пачаткам перамоваў у Радзе грамадскага дыялогу, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў урада, буйнейшых прафсаюзаў і бізнес-асацыяцый, тры буйныя прафсаюзы падрыхтавалі сумесную прапанову аб павышэнні заробку. Так, яны прапануюць, каб мінімальная заработная плата павялічылася як мінімум на 8,2% у наступным годзе.

На практыцы гэта азначае павелічэнне на 394 злотыя (93 еўра) у параўнанні з актуальным паказчыкам. Такім чынам, калі б прапанова прафсаюзаў атрымала падтрымку, то ў 2027 годзе мінімальны заробак у Польшчы склаў бы 5 тыс. 200 злотых без выліку падаткаў і збораў (гэта 3 тыс. 875 злотых «на рукі», што ў пераліку паводле актуальнага курсу Нацыянальнага банка Польшчы дае 916 еўра).

Сваю прапанову прафсаюзы ўжо накіравалі міністру фінансаў Польшчы. Паводле экспертаў, урад можа падтрымаць іх у гэтым пытанні. Інакш на павышэнне мінімальнай зарплаты глядзяць арганізацыі працадаўцаў і бізнес-таварыствы, якія лічаць, што павышэнне мінімальнага заробку, якое прапануюць прафсаюзы, надта вялікае.

Перамовы ў Радзе грамадскага дыялогу пачнуцца 15 чэрвеня. Паводле закону, калі арганізацыі працадаўцаў і прафсаюзы не змогуць дасягнуць паразумення, то ўрад самастойна прыме рашэнне аб павышэнні мінімальнай заработнай платы — не пазней за 15 верасня.

У лісце, накіраваным міністру фінансаў, прафсаюзы таксама вылучылі шэраг іншых патрабаванняў. Яны прапануюць павышэнне заработнай платы для бюджэтнікаў як мінімум на 15% у наступным годзе.

вс