Беларуская Служба

Нямецкі рынак прыносіць польскаму канцэрну Orlen усё больш прыбыткаў

01.06.2026 16:23
Фінансавыя паказчыкі таксама аказаліся вельмі значнымі. Выручка групы дасягнула 75,8 млрд злотых (каля 17,9 млрд еўра).
Stacja paliw Orlen
Stacja paliw Orlenmateriały prasowe Orlen S.A.

Польскі нафтагазавы канцэрн Orlen паведаміў пра рэкордныя вынікі за першы квартал 2026 года. Асабліва прыкметна ўзрасла роля замежных рынкаў, перадусім Нямеччыны. Калі год таму на нямецкі рынак прыпадала 7% даходаў кампаніі, то цяпер ужо 22%. Пры гэтым кіраўніцтва Orlen адзначае, што не плануе новых буйных інвестыцый у Германіі, бо ўжо займае там дастаткова моцныя пазіцыі, чытаем на партале energetyka24.com.

Паводле старшыні праўлення канцэрну Orlen Ірэнэуша Фанфары, поспехі ў Нямеччыне сталі вынікам эфектыўнай працы і развіцця рознічнага бізнесу. У цэлым доля замежных рынкаў у структуры даходаў Orlen вырасла да 32%.

Фінансавыя паказчыкі таксама аказаліся вельмі значнымі. Выручка групы дасягнула 75,8 млрд злотых (каля 17,9 млрд еўра), аперацыйны прыбытак EBITDA — 14,1 млрд злотых (3,33 млрд еўра), а чысты прыбытак склаў 8,15 млрд злотых (1,93 млрд еўра). Кампанія захоўвае стабільнае фінансавае становішча і пацвердзіла маштабную інвестыцыйную праграму.

Акрамя таго, Orlen вядзе перамовы аб магчымым удзеле ў капітале ўкраінскай кампаніі «Укрнафта» і павялічвае пастаўкі звадкаванага прыроднага газу з ЗША. Кіраўніцтва таксама прапанавала выплаціць рэкордныя дывідэнды — 8 злотых на акцыю.

эж