Польскі гатэльны холдынг (Polski Holding Hotelowy) абвясціў пра вялікую праграму развіцця санаторна-курортнага сегмента. Да 2034 года кампанія плануе грунтоўна мадэрнізаваць і пашырыць частку сваіх аздараўленчых аб’ектаў, уклаўшы ў гэты кірунак больш за 430 млн злотых (каля 102 млн еўра).
Як паведамляе выданне Puls Biznesu, у склад холдынгу ўваходзяць 53 гасцінічныя і санаторныя аб’екты. Паводле стратэгіі кампаніі, 12 з іх пройдуць поўную рэканструкцыю, а шэсць старых будынкаў будуць знесеныя, каб на іх месцы ўзвесці больш сучасныя і функцыянальныя комплексы.
Першымі абновяць санаторыі ў Калабжэгу і Домбках на Балтыйскім узбярэжжы. На гэтыя два праекты плануюць накіраваць каля 250 млн злотых (прыкладна 59 млн еўра). Асабліва маштабнай стане рэканструкцыя цэнтра Geovita ў Домбках: пасля завяршэння работ колькасць нумароў там павялічыцца з 90 да 300.
Рынак санаторнага лячэння ў Польшчы застаецца вельмі важным для сістэмы аховы здароўя і турызму. У краіне дзейнічае каля 190 санаторыяў і больш за 40 спецыялізаваных курортных лякарняў. Паводле апошніх даных Нацыянальнага фонду здароўя, за мінулы год аздараўленчае лячэнне прайшлі больш за 430 тысяч чалавек.
Кіраўніцтва Польскага гатэльнага холдынгу разлічвае, што мадэрнізацыя дазволіць павысіць камфорт для адпачывальнікаў і прыцягнуць не толькі пацыентаў, якіх накіроўваюць дзяржаўныя ўстановы, але і больш камерцыйных кліентаў. На фоне старэння насельніцтва і росту попыту на рэабілітацыйныя паслугі санаторны сектар у Польшчы лічыцца адным з найбольш перспектыўных напрамкаў развіцця турыстычнай індустрыі.
эж