Беларуская Служба

Германія будуе беспілотнікі, а Польшча надалей вядзе перамовы. Тупік у польска-ўкраінскім супрацоўніцтве ў галіне ўзбраенняў

05.06.2026 10:01
Берлін мае сістэмны падыход да гэтых пытанняў, у Польшчы працэдуры больш складаныя, кажа гендырэктар Украінскай рады абароннай прамысловасці.
- Warmate    WB Group
Беспілотнік-камікадзэ Warmate вытворчасці польскай кампаніі WB Group крыніца: WB Group

Украінскі абаронны сектар перажывае беспрэцэдэнтную трансфармацыю, а ключом да яго будучыні становяцца сумесныя міжнародныя прадпрыемствы. Супрацоўніцтва паміж Кіевам і Берлінам у гэтай сферы развіваецца хуткімі тэмпамі, а адносіны з Варшавай застаюцца ў сферы дэкларацый.

— Мы хочам спалучыць нашыя перадавыя тэхналогіі, ідэі і ўнікальны баявы вопыт з вытворчымі магутнасцямі і ланцужкамі паставак нашых хаўруснікаў. Мы ўжо падпісалі 19 рамачных пагадненняў з рознымі еўрапейскімі структурамі. 12 з гэтых пагадненняў — з Германіяй, і дзве з гэтых кампаній ужо працуюць. На жаль, з Польшчай у нас пакуль няма нічога блізкага да рэалізацыі пагаднення, — кажа ў размове з сайтам defence24.pl гендырэктар Украінскай рады абароннай прамысловасці Ігар Фэдзірка.

Украінская рада абароннай прамысловасці — гэта платформа, якая аб’ядноўвае асацыяцыі і саюзы прыватных вытворцаў зброі і ваеннай тэхнікі. У цяперашні час у абаронным сектары Украіны працуе каля 1 100 прыватных кампаній, з якіх 370 аб’яднаныя ў рамках арганізацыі.

Супрацоўніцтва з Польшчай зайшло ў тупік

Чаму супрацоўніцтва з Германіяй хутка развіваецца, а з Польшчай — зайшло ў тупік? Як тлумачыць Ігар Фэдзірка, Берлін мае больш сістэмны падыход да гэтых пытанняў.

— Немцы стварылі офіс, які адказвае за палітычныя і прамысловыя адносіны з Украінай у сферы абароны. Яны дзейнічаюць хутка. Зацвярджэнне праектаў на ўзроўні B2B (Business-to-Business) і Міністэрства абароны займае ў іх ад 3 да 7 дзён. Пакуль што яны не адхілілі ніводнага праекта; максімум — крыху скарацілі бюджэт. У выніку такія кампаніі, як Quantum Systems і Frontline Robotics, ужо вырабляюць для нас міні-бамбавікі і беспілотнікі глыбокага ўдару. На жаль, у Польшчы гэта так не працуе, — кажа эксперт.

Ён дадае, што перамовы з Польскай групай узбраенняў (Polska Grupa Zbrojeniowa, PGZ) працягваюцца. Магчыма прагрэсам у гэтай справе будзе Канферэнцыя па аднаўленні Украіны, запланаваная на канец чэрвеня ў Гданьску.

— Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы дэманструе вельмі абмежаваны падыход да ўзгаднення экспарту і абароны інтэлектуальнай уласнасці. Нам вядомыя выпадкі, калі польскія кампаніі былі вымушаны замяняць айчынныя кампаненты, напрыклад, славацкімі, таму што польскія міністэрствы прыпынілі экспарт. Ва Украіне працэдуры былі спрошчаны пасля пачатку вайны і прыватны сектар пачаў імгненна развівацца. Да 2022 года ў нас было 4-5 прыватных абаронных кампаній, але сёння яны ўкараняюць інавацыі хутчэй, чым дзяржаўны сектар. Польшча ўсё яшчэ затрымалася на вельмі складаных працэдурах ліцэнзавання, што з пункту гледжання краіны ў мірны час гэта зразумела, — кажа Ігар Фэдзірка.

Што Украіна прапануе патэнцыйным польскім партнёрам узамен?

— Мы прапануем тое, што нельга купіць за грошы — combat feedback, то бок высновы і аналіз з рэальнага поля бою. Наша абсталяванне мадыфікуецца ў рэжыме рэальнага часу, амаль штомесяц, у адказ на новыя расійскія электронныя меры супрацьдзеяння. Ніякі палігон не можа гэтага забяспечыць. Гэта значная перавага ў параўнанні з лабараторнымі або палявымі выпрабаваннямі,  запэўнівае эксперт.

Ён таксама называе сектары супрацоўніцтва з польскім бокам, у якіх украінскі бок найбольш зацікаўлены. Перш за ўсё, велізарны польскі вопыт і рэсурсы, калі гаворка ідзе пра класічную зброю: танкі, артылерыю і сістэмы СПА.

 Ужо тры гады мы вядзем перамовы аб сумеснай вытворчасці вашых зенітных сістэм «Piorun». Для нас гэта пытанне жыцця і смерці. Расіяне могуць запусціць 800 ракет «Шахед» за адну ноч. Нам патрэбныя сістэмы «Piorun», нам патрэбныя вашы тэхналогіі, каб мець магчымасць выкарыстоўваць іх у паўсядзённай абароне. Аднак пакуль няма жадання размясціць іх вытворчасць ва Украіне. Поле бою змяняецца, але пэўныя кампетэнцыі застаюцца. Для нас распрацоўка беспілотных лятальных апаратаў з'яўляецца абсалютным прыярытэтам. Мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве ў гэтай галіне(…) Давайце нарэшце разам зробім нешта вялікае ў сферы абароны. Калі не сумесная вытворчасць, то хаця б тэхналагічны абмен, які будзе выгадны нашым краінам,  кажа генеральны дырэктар Украінскай рады абароннай прамысловасці.

Ён падкрэслівае, што трэба дзейнічаць хутка, бо пагрозы пастаянна мяняюцца.

аз

Чатыры тысячы ўдзельнікаў прымуць удзел у Кангрэсе «Бяспека Польшчы» ў Жэшаве

25.05.2026 09:35
У двухдзённым мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі ўрада, ваеннай і абароннай прамысловасці, эксперты ў галіне бяспекі і бізнесу.

Польшча атрымала першую выплату па еўразвязаўскай праграме SAFE

29.05.2026 15:30
Польшча з'яўляецца найбуйнейшым бенефіцыярам еўразвязаўскай праграмы.