Беларуская Служба

Польшча стала вядучай дзяржавай, дзе адбываецца персаналізацыя банкаўскіх і фінтэх-картак

08.06.2026 17:20
Геапалітычныя канфлікты пакуль не прывялі да сур'ёзных змен у структуры польскага экспарту і імпарту.
Ілюстрацыйнае фотаfacebook.com/RevolutPolska

Пазіцыі Польшчы ў міжнародным гандлі працягваюць умацоўвацца. Пра гэта распавёў выданню Вusinessinsider старшыня кампаніі DHL Express Polska Томаш Бурась (Tomasz Buraś).

Паводле яго слоў, Польшча становіцца ўсё больш важным лагістычным і вытворчым цэнтрам для ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. DHL будуе ў краіне найбуйнейшы грузавы тэрмінал у польскіх аэрапортах, які будзе адпавядаць сучасным экалагічным стандартам і дазволіць апрацоўваць грузы вагой да трох тон.

Бурась адзначыў, што, нягледзячы на крызісы апошніх гадоў — ад пандэміі да войнаў і парушэнняў ланцужкоў паставак, — кампанія здольная хутка адаптавацца да новых умоў. Напрыклад, падчас абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе DHL не спыняла працы ў Ізраілі ні на адзін дзень. Частка адпраўленняў спачатку дастаўлялася на Кіпр, а адтуль — марскім шляхам у Ізраіль. Пазней удалося аднавіць прамыя авіярэйсы.

Сёння адным з галоўных выклікаў для лагістычнай галіны застаецца рост коштаў на авіяцыйнае паліва. Таму DHL актыўна інвестуе ў так званае ўстойлівае авіяцыйнае паліва SAF. У 2024 годзе больш за 3,5% паліва ўжо паходзіла з абнаўляльных крыніц.

Пры гэтым геапалітычныя канфлікты пакуль не прывялі да сур'ёзных змен у структуры польскага экспарту і імпарту. Асноўным эканамічным партнёрам Польшчы застаецца Германія, а за межамі Еўропы — Злучаныя Штаты Амерыкі. Сярод найважнейшых рынкаў таксама Кітай.

Асабліва хутка расце супрацоўніцтва ў авіяцыйнай прамысловасці. Павялічваецца імпарт дэталяў і камплектуючых з ЗША і Канады, а сама Польшча ўсё часцей выступае не толькі як субпадрадчык, але і як важны ўдзельнік сусветнага ланцужка вытворчасці і рамонту авіяцыйных кампанентаў.

Яшчэ адна менш вядомая спецыялізацыя краіны — персаналізацыя банкаўскіх і фінтэх-картак. Менавіта ў Польшчы многія карты атрымліваюць праграмнае забеспячэнне і індывідуальныя налады перад тым, як трапіць да кліентаў у розных краінах свету.

Таксама назіраецца рост дзелавой актыўнасці з Тайландам і Мексікай. На думку Томаша Бурася, вялікі патэнцыял для польскага экспарту ў будучыні мае і Паўднёвая Амерыка, асабліва ў сувязі з развіццём супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім саюзам і краінамі Mercosur.

нг